схіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Схіліць, нахіліць; сагнуць. Схінуць галаву на грудзі.
2. Абл. Схаваць куды‑н., каб хто‑н. не ўбачыў, не знайшоў. У Ваўкаўні, калі нямецкая «рама» над вёскай лётала, у зямлі поркаўся [Боганчык]. Схоў рабіў, каб багацце схінуць... Пташнікаў.
схісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Злёгку хіснуцца; трохі зрушыцца, скрануцца з месца. Цішыня. Не схіснуцца яліны. Колас. Цень схіснуўся, і ў дзвярах паказалася бабка Югася. С. Александровіч.
схісну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Трохі хіснуць; зрушыць, скрануць з месца. Мне толькі ціха падысці Да той затокі ў трысці, Празрыстай гладзі не схіснуць, У люстра чыстае зірнуць, Зірнуць, як некалі вясной. Вітка.
схітрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Тое, што і схітрыць. Яня трохі схітравала — рукі памыла, а твар не, адно вочы мокрымі пальцамі працерла, і хутчэй за стол. Місько.
схітра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да схітрыцца.
схітры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Разм. Непрыкметна для іншых змагчы зрабіць што‑н. на карысць сабе. Схітрыцца атрымаць кватэру без чаргі.
схітры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Пайсці на хітрасць, зманіць. [Рыбак:] — Слухай. Ты паслухай мяне. Калі мы .. [паліцаяў] не падман[ё]м, не схітрым, яны нас закатуюць. Быкаў. — Што з табой? Ты нечым усхваляваны? — запытала ў мяне мама .. — Галава крыху баліць, — паспрабаваў схітрыць я. Бяганская.
схлу́піцца, ‑піцца; ‑пішся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.
Абл. Цесна збіцца; сабрацца, стоўпіцца ў адным месцы. Імкліва і заклапочана, як на трывогу, бягуць па ёй [рацэ] таўсматыя камлістыя яліны, стройныя .. красуні хвоі. Схлупяцца ў цесным месцы на заломе, стануць шчыльна ціснуцца бок да боку, аж пакуль не падбягуць плытнікі і не разарвуць залом бусакамі. Крапіва. Саламяныя накрыўкі старых хат, быццам баронячыся ад якой напасці, схлупіліся адна да адной і выдаваліся суцэльнай страхой. Сабаленка. [Лёдзя] пачакала, пакуль пасажыры схлупіліся ля выхада, і падышла да Віктара. Карпаў.
схлу́піць, ‑піць; зак., каго-што.
Абл. Сціснуць, здушыць. / у безас. ужыв. У .. [хлопчыка], напэўна, запаленне лёгкіх. Схлупіла ў грудзях, няшчадна паліць кволае цельца. Гроднеў.
схлу́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад схлупіць.