Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

свірэ́павы, ‑ая, ‑ае.

Які атрымліваецца з насення свірэпіцы. Свірэпавы алей.

свірэ́піца, ‑ы, ж.

Аднагадовая культурная расліна сямейства крыжакветных, з насення якой здабываецца тэхнічны алей.

свірэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

Тое, што і свірэпа. [Маша], як і ўсе, палала лён, які зарастаў свірэпкай і пырнікам. Гроднеў. Івана Іванавіча Сашка ведаў. То быў старшыня калгаса. Неяк ён дзякаваў Сашкавай маці, што яна хадзіла дапамагаць жанчынам выполваць свірэпку з пшаніцы. Даніленка.

сві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да свістаць.

2. каго, каму. Разм. Моцна, з размаху сцебануць, стукнуць. Аж самой балюча станавілася, і дзіця прыціскалася да плота, баючыся, каб каторы [паліцыянт] не пад’ехаў ды не свіснуў па галаве і яе [Ліпачку]. Сабаленка. Іван падняў даўбешку ды як свіснуў чорту ў лоб. Якімовіч.

3. каго-што. Разм. Украсці. Свіснулі гадзіннік. □ [Кудравец:] Табе добрае плацце справім. Грошы знойдуцца. Бачыш? (Паказвае Ніне ашчадную кніжку). Я не хачу тут (паказвае на тумбачку) трымаць, а то яшчэ свіснуць. Кучар.

•••

Калі рак свісне гл. рак ​1.

свіст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Рэзкі, высокі гук, які ўтвараецца моцным выдыханнем паветра праз сціснутыя губы ці зубы, а таксама пры дапамозе свістка ці іншага прыстасавання. Першым свіснуў самы меншы хлопчык. Ад яго свісту спынілася машына. Няхай. // Такі гук, як выражэнне незадавальнення чым‑н., асуджэнне чаго‑н. Кожнае прозвішча сустракалася то воплескамі, то маўчаннем, а то і свістам з якога-небудзь кутка плошчы. Хадкевіч.

2. Гук такога тэмбру, які ўтвараецца птушкамі, жывёламі. Свіст драздоў. Свіст сусліка. □ Травы, краскі, кожны ліст На бярозе, клёне — Салаўіны ловяць свіст, Скачуць у тым звоне. Бялевіч.

3. Высокі, рэзкі гук, які ўтвараецца парай, паветрам, што вырываецца з сілай праз вузкую адтуліну. Свіст паравоза. □ У кабіну са свістам шуганула паветра. Алешка. // Гукі, якія ўзнікаюць пры хуткім руху хваль паветра ў слаях атмасферы. Такія ўжо вятры... Здаецца, з шумам, свістам Раскладваюць кастры З асыпанага лісту. Астрэйка.

4. Гук, які ўтварае прадмет пры хуткім рассяканні паветра. Свіст куль. □ Вуліцы, па-над якімі, як адвечны праклён, толькі і чулася лаянка людзей, свіст пуг ды натужнае хрыпенне коней — гэтыя вуліцы былі прыўзняты, забрукаваны. М. Ткачоў. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў.

•••

Мастацкі свіст — высвістванне мелодыі.

свіста́нне, ‑я, н.

Тое, што і свіст (у 2 знач.). Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання, Калі цяжкі мядзведзь з бярлогі Высоўвае на сонца нос. Панчанка.

свістапля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Разм. Пра нястрымнае, бурнае праяўленне чаго‑н. Сёння дваццатае красавіка, а за акном такая свістапляска, што нос на вуліцу высунуць страшна: лепіць снег, а зверху яго дажджом налівае. Васілевіч. // Пра поўную неразбярыху ў чым‑н., з чым‑н.

свіста́цца, свішчацца; незак.

Разм. Пра жаданне або магчымасць свістаць (у 1 знач.). Свістаў бы я — не свішчацца. Спяваў бы — не спяваецца. Куляшоў.

свіста́ць, свішчу, свішчаш, свішча; заг. свішчы; незак.

1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы. Брыль. Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады. Нядзведскі. // каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы. Бялевіч. // што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. // Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць. Кавалёў. // безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. Караткевіч.

2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты. Лупсякоў. Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць. Бялевіч.

3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. □ З адкрытага ніпеля свістала паветра. Гамолка. // Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала. Шамякін. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская.

4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй». Пальчэўскі. А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі. Прокша.

5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка. Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі. Броўка. Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн. Якімовіч. / у безас. ужыв. Навокал выла, свістала, грымела. Васілеўская. Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху. Кулакоўскі.

6. перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе. Колас.

•••

Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).

Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.

Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.

свісто́к, ‑тка, м.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога ўтвараецца свіст. Граф Ельскі выняў з кішэні свісток і.. свіснуў. Пестрак.

2. Свіст, які ўтвараецца пры дапамозе такога прыстасавання. Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Лынькоў. Рэзкі свісток.. расплываецца ў хмызе і заціхае. Колас.