Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

све́дка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. Той, хто непасрэдна прысутнічаў пры якім‑н. здарэнні, падзеі. Аднойчы нечакана быў я сведкам. Як чалавек абразіў чалавека. Чарнушэвіч. Толькі не за свае мінулыя ўчынкі перажываў.. [Андрэй] — баяўся таго адзінага сведкі, які, магчыма, аднойчы з явіцца ў вёсцы, і ўсё таемнае стане яўным. Ваданосаў. // Сучаснік і назіральнік чаго‑н. Як жывы сведка мінуўшчыны, адзін стары дзед Лявон астаўся тут. Бядуля. Скажы хутчэй, — і сведка і прычына Таго, чым стаў і чым мне быць навек, Вялікая, Нязгасная, Жанчына, Таварыш, Спадарожнік, Чалавек. Кірэенка. / Аб прадметах. Сена, салома, кучка сечкі, шулы, цапы, граблі, — усё гэта бясслоўныя, але шчырыя памочнікі або маўклівыя, але ўважлівыя сведкі яго [дзедавай] працы. Колас. Гэтыя высокія ліпы чулі шчырыя словы прызнання, былі сведкамі нараджэння бессмяротных радкоў. С. Александровіч. / Аб пісьмовых помніках, творах. Яго [Хвядоса Шынклера] творы — жывыя сведкі рэчаіснасці. Арабей. / у вобразным ужыв. А вецер, той гутаркі ўдзельнік і сведка, Ціхутка галінкі на дрэвах кране. А. Вольскі.

2. Асоба, якая выклікаецца ў суд, каб даць паказанні пра вядомыя ёй абставіны па справе. Браць у сведкі. □ Памятаю выпадак, калі ён [Самуйлёнак] быў за сведку ў судзе пры разглядзе справы нейкага Падвальнага. Хведаровіч.

3. Асоба, якая прысутнічае пры чым‑н. для афіцыйнага пасведчання сапраўднасці ці правільнасці таго, што адбываецца. Прачытаць завяшчанне пры сведках. □ Ракіцкі з Надзейкай былі ў ліку бліжэйшых сяброў маладых. Прысутнічалі сведкамі, як тыя распісваліся, пілі потым шампанскае ў пакоі Аліны ў дзявочым інтэрнаце. Хадкевіч.

све́дкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сведкі; які выходзіць ад сведкі (у 2, 3 знач.). Сведкавыя паказанні.

све́дчанне, ‑я, н.

1. Паведамленне асобы пра тое, сведкай чаго яна была. Па сведчанню самога паэта, сюжэтам для.. паэмы [«Адплата кахання»] паслужыла праўдзівае здарэнне, якое ў даўнія часы мела месца недзе пад Тайнай, а затым зрабілася паданнем. Івашын.

2. Факты, рэчы і пад., што з’яўляюцца пацвярджэннем чаго‑н. Усе гэтыя драбніцы яго жыцця, якія непакоілі Любу, былі для яго [Хадкевіча] найлепшым сведчаннем іх блізкасці. Васілевіч. Там, за лесам, на высачэзных калонах заводскай пляцоўкі гарэлі чырвоныя сцяжкі — сведчанне перамог мантажнікаў, уладароў блакітных нябесных вышынь. Лукша. Яркім сведчаннем неадольнай жыццёвай сілы камуністычнага руху сталі першамайскія дэманстрацыі. «Маладосць».

3. Дача паказанняў на судзе. Старшыня суда.. папярэдзіў, што Пошта павінен гаварыць адну толькі праўду і што за непраўдзівае сведчанне ён будзе пакараны. Крапіва.

4. Афіцыйнае пацвярджэнне сапраўднасці чаго‑н. [Мікіта Мікітавіч:] — А так, без сведчання ўрача, пошта такую тэлеграму не прыме. Карпаў.

све́дчыцца, ‑чыцца; незак.

Зал. да сведчыць (у 4 знач.).

све́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., аб чым, пра што і з дадан. сказам.

1. Пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго‑н. у якасці відавочніка, сведкі, дасведчанай асобы. Сведчу, што ў правінцыі Антарыо Ёсць Палерма — слаўны гарадок. Панчанка. Расказы відавочцаў сведчылі, што агонь у лесе ўспыхнуў адразу ў некалькіх месцах і амаль у адзін і той жа час. Матрунёнак.

2. Быць сведчаннем чаго‑н., пацвярджаць, даказваць што‑н. Маёр рабіўся весялейшым, пачаў насвістваць украінскія песні, што сведчыла аб яго добрым настроі. Шамякін. Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці насычаны таксама вялікай колькасцю дзеясловаў лацінскага паходжання, што сведчыць аб моцным уплыве лацінскай мовы на беларускую. Гіст. лекс. бел. мовы. Старанна дагледжаная, начышчаная, змазаная, яна [машына] павінна была сведчыць, што новы гаспадар яе — чалавек дбайны і руплівы. Васілёнак. Гледачоў — як дзверы зачыніць. Больш тут месца нельга ўжо нідзе знайсці. Здабытак люду і гарачыні Сведчыць нам пра поспех самадзейнасці. Гілевіч.

3. і каму. Даваць паказанні на судзе. Кожны сведка звычайна карыстаецца пэўнаю павагаю ў тых, каму ён сведчыць збіраецца. Колас.

4. і што. Афіцыйна пацвярджаць сапраўднасць чаго‑н. Сведчыць подпіс і сведчыць пячаць, Што ідзём мы [Рыбка, Ворчык, Зарудны] з астрогу. Куляшоў. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.

све́жа,

1. Прысл. да свежы (у 4, 5 і 6 знач.).

2. безас. у знач. вык. Халаднавата, даволі холадна. У пакоі свежа, хвоі, стоячы каля самых акон, не дапускаюць у дом лішняга сонца. Лужанін. Было ціха і свежа, над возерам слаўся туман. Грахоўскі. // Пра адчуванне прахалоды кім‑н. Дзверы ў хату і ў сен[е]чкі стаялі расчыненыя, з двара ішоў холад, і было свежа ў босыя ногі. Пташнікаў.

свежа...,

Першая частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «нядаўна», «толькі што», напрыклад: свежаадбіты, свежаадламаны, свежаўзараны.

свежава́ць, свяжую, свяжуеш, свяжуе; незак., каго.

Разм. Знімаць скуру з забітай жывёлы і разбіраць тушу. Учора дакараў [Міканор] суседа Васіля, які свежаваў авечку, а сёння, як ні стараўся аберагчыся, пошасць улезла ў хату к самому. Мележ.

свежавы́белены, ‑ая, ‑ае.

Нядаўна, толькі што выбелены. Свежавыбеленая хата.

свежавы́капаны, ‑ая, ‑ае.

Нядаўна, толькі што выкапаны. Свежавыкапаная яма.