свядо́масць, ‑і, ж.
1. Працэс адлюстравання рэчаіснасці мозгам чалавека, што ўключае ўсе формы псіхічнай дзейнасці і абумоўлівае мэтанакіраваную дзейнасць чалавека. Першаснасць матэрыі, другаснасць свядомасці. □ Мышленне і свядомасць — прадукты чалавечага мозга. Энгельс. // Псіхалогія, палітычныя і філасофскія погляды, рэлігійныя перакананні людзей як прадстаўнікоў пэўных класаў грамадства. Грамадскае свядомасць. Сацыялістычная свядомасць. Формы рэлігійнай свядомасці. Перажыткі капіталізму ў свядомасці людзей. Класавая свядомасць.
2. Успрыманне і разуменне навакольнага, уласцівае чалавеку. У.. свядомасці [дзеда Лукаша] неяк цяжкавата ўкладваліся нечувана вялікія пераўтварэнні ў тых месцах, дзе спакон веку акрамя пяскоў і балот нічога не было. Кулакоўскі. Юзік адчуваў, што недзе на краі яго свядомасці туліцца нешта не зусім згоднае з яго такімі разважаннямі. Крапіва. А калі камбат пайшоў,.. [Наталля Максімаўна] падумала: «Выходзіць, што вайсковым урачом быць цяжэй, чым цывільным. Ці змагу я?» Але свядомасць падказвала ёй, што яна зможа. Дудо.
3. Здольнасць правільна разумець і ацэньваць з’явы жыцця, вызначаць свае адносіны да рэчаіснасці. Калгаснікі там [у калгасе «Маяк»] па свядомасці абганяюць свайго старшыню. Паслядовіч. // Тое, што і прытомнасць. Аксіння бязмоўная, ціхая. Свядомасць вярталася да яе. Вярцінскі.
свядо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Якому ўласціва свядомасць (у 2 знач.). Чалавек — істота свядомая.
2. Звязаны з развіццём свядомасці (у 2 знач.); разумны, асэнсаваны. Вялікі Кастрычнік узняў шырокія працоўныя масы да свядомага палітычнага жыцця, да будаўніцтва новай, сацыялістычнай культуры. Хведаровіч. Усё сваё свядомае жыццё, звыш 50 год, таварыш Калінін прысвяціў рэвалюцыйнай барацьбе за інтарэсы рабочых і сялян. «Беларусь». [Яругін], семнаццацігадовы чалавек, можа, першы раз у свядомым жыцці сваім нароўні з дарослымі дзяліў такую бяду, і адчуванне гэтай роўнасць з іншымі абвастрала суровую рэальнасць навакольнага свету. Карамазаў. // Які прытрымліваецца сістэмы пэўных поглядаў. Свядомы матэрыяліст. Свядомы марксіст. □ Скарына з’явіўся свядомым выразнікам сацыяльна-палітычных імкненняў перадавых слаёў беларускага народа да яднання з брацкімі народамі Расіі і Украіны. Алексютовіч.
3. Здольны мысліць і разважаць; перакананы ў правільнасці сваіх поглядаў, дзеянняў. Свядомы рабочы не толькі выканае, але і перавыканае гэтую норму. Лынькоў. [Чарнавус:] Я цешыўся, як.. [дачка] расла, разумнела, станавілася свядомым чалавекам. Крапіва. Былі і такія [настаўнікі], што ўсё асмейвалі, на ўсё пазіралі звысоку і, прачытаўшы Дрэпера або Бокля, лічылі сябе ў высокай меры свядомымі і начытанымі. Колас. // Які вызначаецца свядомасцю, звязаны са свядомасцю. Свядомая дысцыпліна. □ Нішто так не ўзвышае асобу, як актыўная жыццёвая пазіцыя, свядомыя адносіны да грамадскага абавязку. «Звязда».
4. Які дзейнічае, наступае наўмысна, знарок. [Кісель:] — Нібы мы наўмысля так зрабілі, нібы мы свядомыя неахайнікі? Паслядовіч. // Зроблены з пэўным намерам, наўмысна. Гэта [выказванне Галынскага] было ўжо зусім свядомым выпадам супраць Пілацеева. Галавач. Месцамі аўтар «Хронікі Быхаўца» зрабіў свядомую перагрупоўку матэрыялу. Чамярыцкі.
свяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Станавіцца халодным (пра надвор’е, ваду). // У мове маракоў — станавіцца больш моцным (пра вецер). Па сініх прасторах, Дзе вецер свяжэе, Пад сцягам чырвоным Плывуць караблі. Звонак. / у безас. ужыв. Дзень сходзіць. Ад рэчкі свяжэе. Грамыка.
2. Набываць больш яркі, свежы выгляд (пра расліны). Свяжэюць у чэрвеньскіх ранішніх росах Мятліца, званочкі, аер. Тарас.
3. Станавіцца бадзёрым, здаровым, больш свежым (пра чалавека). Пасля купання чалавек свяжэе. // Набываць больш здаровы выгляд. Цела на хвіліну свяжэе, лягчэй дыхаецца. Галавач. А варта было ў той жа момант перамяніцца з’яве — і адразу слёзы як ветрам здувала, шчокі [Марфы] свяжэлі. Кулакоўскі.
свякро́ў, свекрыві, ж.
Маці мужа. — Матка! А калі гэта да нас Шпак з будкі прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Тацяну. Колас.
свякро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Абл. Свякроў. Госці дружна за сталамі Селі ўсе. І свякроўка пачастунак Ім нясе. Ставер.
свякру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.
Разм. Тое, што і свякроў. [Жанчыне] сумна, балюча, свякруха раіць паплакаць, «каб адлегла ад сэрца», але яна не можа плакаць. Мележ.
свянці́ць, свянчу, свенціш, свенціць; незак., што.
Тое, што і свяціць 2. На вербніцу мая маці брала дубец, што распускаўся ў бутэлечцы на акне, свянціла ў касцёле і, вярнуўшыся дадому, сцёбала мяне па нагах і прыгаварвала. Адамчык.
свянцо́ны, ‑ая, ‑ае.
Пасвячоны, асвячоны. Свянцоны хлеб. Свянцоная вада. □ Лячыла мяне ад хваробы суседская бабуля. Паіла настоем сямі свянцоных купальскіх траў. Асіпенка.
свярбе́ць, ‑біць; незак.
1. Выклікаць адчуванне казытлівага болю. Я помню, як яна [крапіва] апякае рукі: як агнём, на целе потым чырванеюць пухіры, яны пякуць і свярбяць, іх потым раздзіраеш да крыві і слініш — робіцца трохі лягчэй. Адамчык. // Адчуваць казытлівы боль (пра цела і яго часткі). Цела так свярбела ад поту і тырсы, што хацелася драць абедзвюма рукамі. Місько. Узмакрэла ад поту шыя, правае вока, быццам што трапіла туды, непрыемна свярбела. Савіцкі.
2. безас. перан. Разм. Пра неадольнае жаданне зрабіць што‑н. — Ну ж і свярбела стрэльнуць, — прызнаўся Амяллян. Грахоўскі.
•••
Рукі свярбяць у каго гл. рука.
Скура свярбіць гл. скура.
Язык свярбіць гл. язык.