свядо́масць, ‑і, ж.

1. Працэс адлюстравання рэчаіснасці мозгам чалавека, што ўключае ўсе формы псіхічнай дзейнасці і абумоўлівае мэтанакіраваную дзейнасць чалавека. Першаснасць матэрыі, другаснасць свядомасці. □ Мышленне і свядомасць — прадукты чалавечага мозга. Энгельс. // Псіхалогія, палітычныя і філасофскія погляды, рэлігійныя перакананні людзей як прадстаўнікоў пэўных класаў грамадства. Грамадскае свядомасць. Сацыялістычная свядомасць. Формы рэлігійнай свядомасці. Перажыткі капіталізму ў свядомасці людзей. Класавая свядомасць.

2. Успрыманне і разуменне навакольнага, уласцівае чалавеку. У.. свядомасці [дзеда Лукаша] неяк цяжкавата ўкладваліся нечувана вялікія пераўтварэнні ў тых месцах, дзе спакон веку акрамя пяскоў і балот нічога не было. Кулакоўскі. Юзік адчуваў, што недзе на краі яго свядомасці туліцца нешта не зусім згоднае з яго такімі разважаннямі. Крапіва. А калі камбат пайшоў,.. [Наталля Максімаўна] падумала: «Выходзіць, што вайсковым урачом быць цяжэй, чым цывільным. Ці змагу я?» Але свядомасць падказвала ёй, што яна зможа. Дудо.

3. Здольнасць правільна разумець і ацэньваць з’явы жыцця, вызначаць свае адносіны да рэчаіснасці. Калгаснікі там [у калгасе «Маяк»] па свядомасці абганяюць свайго старшыню. Паслядовіч. // Тое, што і прытомнасць. Аксіння бязмоўная, ціхая. Свядомасць вярталася да яе. Вярцінскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)