свіст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Рэзкі, высокі гук, які ўтвараецца моцным выдыханнем паветра праз сціснутыя губы ці зубы, а таксама пры дапамозе свістка ці іншага прыстасавання. Першым свіснуў самы меншы хлопчык. Ад яго свісту спынілася машына. Няхай. // Такі гук, як выражэнне незадавальнення чым‑н., асуджэнне чаго‑н. Кожнае прозвішча сустракалася то воплескамі, то маўчаннем, а то і свістам з якога-небудзь кутка плошчы. Хадкевіч.
2. Гук такога тэмбру, які ўтвараецца птушкамі, жывёламі. Свіст драздоў. Свіст сусліка. □ Травы, краскі, кожны ліст На бярозе, клёне — Салаўіны ловяць свіст, Скачуць у тым звоне. Бялевіч.
3. Высокі, рэзкі гук, які ўтвараецца парай, паветрам, што вырываецца з сілай праз вузкую адтуліну. Свіст паравоза. □ У кабіну са свістам шуганула паветра. Алешка. // Гукі, якія ўзнікаюць пры хуткім руху хваль паветра ў слаях атмасферы. Такія ўжо вятры... Здаецца, з шумам, свістам Раскладваюць кастры З асыпанага лісту. Астрэйка.
4. Гук, які ўтварае прадмет пры хуткім рассяканні паветра. Свіст куль. □ Вуліцы, па-над якімі, як адвечны праклён, толькі і чулася лаянка людзей, свіст пуг ды натужнае хрыпенне коней — гэтыя вуліцы былі прыўзняты, забрукаваны. М. Ткачоў. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў.
•••
Мастацкі свіст — высвістванне мелодыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)