свістаць, свішчу, свішчаш, свішча; заг. свішчы; незак.
1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы. Брыль. Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады. Нядзведскі. // каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы. Бялевіч. // што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. // Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць. Кавалёў. // безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. Караткевіч.
2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты. Лупсякоў. Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць. Бялевіч.
3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. ▪ З адкрытага ніпеля свістала паветра. Гамолка. // Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала. Шамякін. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская.
4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй». Пальчэўскі. А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі. Прокша.
5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка. Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі. Броўка. Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн. Якімовіч. / у безас. ужыв. Навокал выла, свістала, грымела. Васілеўская. Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху. Кулакоўскі.
6. перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе. Колас.
•••
Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).
Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.
Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.