Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

морж, маржа, м.

Млекакормячая жывёліна атрада ластаногіх з кароткай шэрсцю і вялікімі ікламі.

[З мовы саамі.]

мо́рзе,

У выразе: азбука Морзе гл. азбука.

мо́рква, ‑ы, ж.

1. Агародная культура сямейства парасонавых з саладкаватым аранжавага колеру караняплодам. Побач зелянелі густыя градкі морквы. Якімовіч.

2. зб. Караняплоды гэтай расліны як ежа. Тушаная морква. Суп з морквай.

морс, ‑у, м.

Напітак з соку ягад або фруктаў. Яблычны морс.

[Ад ням. Moosbeere — журавіны.]

мо́рула, ‑ы, ж.

Спец. Стадыя развіцця зародка мнагаклетачных арганізмаў, на якой зародак мае выгляд згуртавання клетак накшталт ягады ажыны.

[Ад лац. morum — тутавая ягада.]

мо́рфій, ‑ю, м.

Наркатычны заспакаяльны і снатворны сродак.

[Ад грэч. Morpheios — бог сну.]

мо́ршчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак.

1. Збірацца ў маршчыны (пра скуру, часткі твару). Велікаваты тонкі нос моршчыўся, і ад таго выразней выступалі баразёнкі зморшчын ля вачэй. Асіпенка. Каравая моршчыцца скура, Аброс [лясун] цёмным мохам, як пень. Багдановіч.

2. Моршчыць твар (ад болю, незадаволенасці і пад.). Вадэйка ўздрыгвае ўсім сваім вялікім целам, пакутліва моршчыцца. Навуменка. Бацька, скурчыўшыся, ляжаў у прымятым аеры ля раўка і моршчыўся ад болю. Бажко.

3. перан. Пакрывацца маршчынамі, рабізной (пра паверхню вады). Ад ветру з прысвістам шумелі голыя кусты, у затоках і невялікіх сажалках моршчылася цёмна-сіняя вада. Дуброўскі. Рачулкі моршчыліся ў пене. Бядуля. // Рабіцца няроўным, пакрывацца складкамі (пра адзежу, рэчы). Малатабоец Міша Чэчат глядзіць, .. як моршчыцца і сапе на ўсё нутро куртаты скураны мех. Арочка.

мо́ршчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., што.

1. Збіраць у маршчыны (скуру, часткі твару). Віцька моршчыў усыпаны залаціста-карычневымі вяснушкамі нос, памагаў у гаворцы рукамі. Карпаў. Васількоў тым часам накідваў тэзісы даклада. Ён часта задумваўся, моршчыў лоб. Асіпенка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Утвараць складкі рабізны на гладкай паверхні (вады), рабаціць. Дзьмуў халодны красавіцкі вецер, .. моршчыў ваду ў лужах, што расплыліся на балоце. Дуброўскі. // без дап. Разм. Ляжаць нягладка, маршчыніцца (пра адзежу).

мо́сенж, ‑у, м.

Уст. Латунь.

[Ням. Messing — латунь.]

мост, ‑а, М ‑сце; мн. масты, ‑оў; м.

1. Збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку і г. д. Чыгуначны мост. Пад’ёмны мост. □ Гулка аддаецца тупат капыт па драўляным мосце. Бядуля. І ўсе сходзяцца на адным: да таго, як будзе пабудаваны капітальны мост праз Дзвіну ў раёне будоўлі, на месцы пераправы патрэбен наплыўны мост. Грахоўскі. // перан. Тое, што служыць звяном сувязі паміж кім‑, чым‑н. Бясхітрасна і проста Сыду на берагі чужыя я. Хачу зрабіцца хоць маленькім мостам Між імі і табой, зямля мая. Панчанка.

2. У спорце — пастава, пры якой цела выгнута грудзямі ўверх з апорай на далоні і пяткі.

3. Спец. Частка шасі аўтамашыны, трактара, размешчаная над восямі і звязаная з коламі. Пярэдні мост. Задні мост.

4. Спец. Планка, на якой замацоўваецца рад штучных зубоў.

•••

Паветраны мост — авіяцыйная лінія з перавалачнымі аэрадромамі і навігацыйным абсталяваннем.

Пантонны мост — мост на пантонах.

(Патрэбен) як у мосце дзірка гл. дзірка.

Проста з моста гл. проста.

Спаліць масты (за сабой) гл. спаліць.