ме́дык, ‑а, м.
Спецыяліст па медыцыне, урач. // Разм. Студэнт медыцынскай навучальнай установы.
медыкаменто́зны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з медыкаментамі. Медыкаментозны метад лячэння.
медыкаме́нты, ‑аў; адз. медыкамент, ‑а, М ‑нце, м.
Лячэбныя сродкі, лякарства. [Доктар:] Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва.
[Ад лац. medicamentum.]
ме́дыум 1, ‑а, м.
Паводле забабонных уяўленняў спірытаў — пасрэднік паміж людзьмі і «духамі».
[Ад лац. medius — сярэдні.]
ме́дыум 2, ‑а, м.
Сярэдні рэгістр жаночага пеўчага голасу.
[Ад лац. medius — сярэдні.]
медыцы́на, ‑ы, ж.
1. Сукупнасць навук аб хваробах, іх лячэнні і прафілактыцы. Касмічная медыцына. □ [Падацюк:] — Вера была санітаркай у партызанах, медсястрой, бачыла работу ўрачоў, палюбіла медыцыну. Дуброўскі.
2. Разм. Пра медыцынскага работніка, урача. [Косця] з дакорам кідаў .. [Надзі]: — Эх ты, медыцына! Лынькоў.
[Лац. medicina.]
медыцы́нскі, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з медыцынай. Медыцынскія ўстановы. Медыцынскі факультэт. // Звязаны з дзейнасцю ўрача. Медыцынскія абавязкі. Медыцынская дапамога. // Які выкарыстоўваецца ў медыцыне, звязаны з лячэннем; лячэбны. Медыцынскія прэпараты.
•••
Медыцынская сястра гл. сястра.
меды́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жан. да медык. Неяк на студэнцкі навагодні вечар медычкі запрасілі [студэнтаў] з педагагічнага. Шчарбатаў.
меды́чны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і медыцынскі. Медычны тэрмін. Медычная дапамога.
медыя́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які знаходзіцца ў сярэдзіне чаго‑н.; пасярэдні. Медыяльная група мышцаў.
[Ад лац. medialis — які знаходзіцца пасярэдзіне.]