Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

барбітура́ты, ‑аў.

Група лекавых рэчываў, якія з’яўляюцца снатворнымі і наркатычнымі сродкамі.

барбо́с, ‑а, м.

1. Дваровы сабака.

2. Лаянк. Пра злога, грубага чалавека. Наперадзе ўсё ліха, зло І здзекі панскага барбоса. Колас.

ба́рва, ‑ы, ж.

1. Фарба, афарбоўка, колер. Цешыцца было чым: летам агародчык буяў усімі барвамі красы. Мележ. [Галя:] — Звярніце ўвагу: якія барвы! Сотня адценняў — пачынаючы ад цёмна-зялёнага да цёмна-пурпуровага. Дубоўка.

2. Чырвань, густа-чырвоны колер. І ўрэшце — неба. Неба, якое ўсё мацней адлівае пякельнай, смяротнай і трывожнай барвай. Караткевіч. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч.

барвава́ты, ‑ая, ‑ае.

З барвовым адценнем. Не стаў я падглядваць за прыватным Жыццём незнаёмых птушак, Бо ў небе ўспыхнула шмат барваватых з жоўтым адценнем стужак. Панчанка.

барвава́ць, барвуе; незак.

Надаваць барвовы колер чаму‑н.

барваве́ць, ‑вавее і барво́вець, ‑вовее; незак.

1. Чырванець, займацца чырванню. Там, за лесам, неспакойна барвавела неба. Лупсякоў. Макухаў твар барвавее, у вачах злосць. Асіпенка.

2. Вылучацца сваім барвовым колерам, віднецца. Ты бачыш? — Сягоння на ўсходзе Без ліку сцягі барвавеюць. Панчанка.

барве́нак, ‑нку, м.

Шматгадовая вечназялёная травяністая расліна сямейства кутравых.

барве́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да барвенку. Барвенкавы ліст.

барве́ць, ‑вее; незак.

Тое, што і барвавець (у 2 знач.). Грывы канчаліся трохі наводдаль, а за імі.. барвелі ў густой зелені плямы ўжо чырвоных асінак. Караткевіч.

барві́сты, ‑ая, ‑ае.

З моцнай барвовай афарбоўкай. Я з ім падружыў на вячэрніх прывалах, Калі пры агні, у лясочку барвістым, Мне лыжку давалі і хлеба кавалак. Лужанін.