спрашчэ́нец, ‑нца, м.
Той, хто павярхоўна падыходзіць да вырашэння складаных задач, пытанняў.
спрашчэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да спрашчэнец.
спрашчэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спрашчаць — спрасціць і стан паводле знач. дзеясл. спрашчацца — спрасціцца.
2. Якое‑н. прыстасаванне, змена ў канструкцыі, планіроўцы і пад., якія спрашчаюць што‑н. Унесці спрашчэнні ў канструкцыю.
спрашчэ́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да спрашчэнства, спрашчэнца, уласцівы ім. Але крытыка бывае розная: слушная, аб’ектыўная і, на жаль, вульгарызатарская, спрашчэнская. «ЛіМ».
спрашчэ́нства, ‑а, н.
Павярхоўны, спрошчаны надыход да вырашэння складаных пытанняў, задач. І ў абмалёўцы галоўнага героя, і ў вырашэнні канфлікту Купала .. застаецца верным народнай традыцыі, пазбягае спрашчэнства і схематызму. Ярош.
спро́ба, ‑ы, ж.
1. Намаганне зрабіць што‑н. пры адсутнасці ўпэўненасці ў дасягненні поспеху. Партызаны спалілі мост і паспяхова адбівалі ўсе спробы ворага пераправіцца на гэты бераг. Шамякін. Нарэшце .. [Таццяна] зрабіла новую спробу зайсці ў пакой. Васілёнак. // Намаганне ажыццявіць што‑н. пры адсутнасці вопыту. Спробы збудаваць падводны човен мелі месца і ў Расіі. «Маладосць». // Першыя недасканалыя вынікі творчай дзейнасці. Канешне, толькі некаторая частка вясковых аўтараў падыходзіць так да сваіх літаратурных спроб. Чорны. Але як рэзка адрозніваюцца яны [кнігі] ад першых творчых спроб паэта! Бярозкін.
2. Праверка, выпрабаванне. Я распрацаваў праект пісталеціка і зрабіў адзін для спробы. Бядуля. Праз два дні павінна быць спроба лініі. Паслядовіч. // Праверка дакрананнем, на смак і пад. Ён [сейбіт] глядзеў гаспадарка, Браў на спробу рукою, Як ішло з малатарні. Быццам золата тое. Броўка. Андрэй Міхайлавіч .. прапусціў апісанне хэўсурскай джыгітоўкі, паездкі гасцей на Казбек .. і ў Кахецію для спробы славутых він. Самуйлёнак. [Паважны чалавек:] — Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць [ракаў] на спробу. Крапіва.
спро́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Абл. Прадаць усё. [Захаравы:] — Спродалі мы зямлю — ды ў Сібір. Дуброўскі.
спро́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спродаць.
спро́шчанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спрошчанага (у 2, 3 і 4 знач.). Не так проста пазбаўляцца аднабаковасці, спрошчанасці, павярхоўнасці ў паказе падзей вайны. Дзюбайла.
спро́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спрасціць.
2. у знач. прым. Больш просты; прасцей, чым раней. Спрошчаная арфаграфія. Спрошчаны механізм.
3. у знач. прым. Недастаткова глыбокі, прымітыўны. Бясспрэчна адно: дзіцячы пісьменнік не мае права даваць чытачу спрошчанае ўяўленне аб жыцці, ён павінен умець проста і зразумела гаварыць аб складаным. Шкраба. Спрошчаны фінал у пэўнай меры перашкодзіў твору стаць цэласным, унутрана завершаным. Мушынскі.
4. у знач. прым. Разм. Вызвалены ад патрабаванняў маралі; празмерна вольны. Спрошчаныя адносіны.