спро́ба, ‑ы, ж.
1. Намаганне зрабіць што‑н. пры адсутнасці ўпэўненасці ў дасягненні поспеху. Партызаны спалілі мост і паспяхова адбівалі ўсе спробы ворага пераправіцца на гэты бераг. Шамякін. Нарэшце .. [Таццяна] зрабіла новую спробу зайсці ў пакой. Васілёнак. // Намаганне ажыццявіць што‑н. пры адсутнасці вопыту. Спробы збудаваць падводны човен мелі месца і ў Расіі. «Маладосць». // Першыя недасканалыя вынікі творчай дзейнасці. Канешне, толькі некаторая частка вясковых аўтараў падыходзіць так да сваіх літаратурных спроб. Чорны. Але як рэзка адрозніваюцца яны [кнігі] ад першых творчых спроб паэта! Бярозкін.
2. Праверка, выпрабаванне. Я распрацаваў праект пісталеціка і зрабіў адзін для спробы. Бядуля. Праз два дні павінна быць спроба лініі. Паслядовіч. // Праверка дакрананнем, на смак і пад. Ён [сейбіт] глядзеў гаспадарка, Браў на спробу рукою, Як ішло з малатарні. Быццам золата тое. Броўка. Андрэй Міхайлавіч .. прапусціў апісанне хэўсурскай джыгітоўкі, паездкі гасцей на Казбек .. і ў Кахецію для спробы славутых він. Самуйлёнак. [Паважны чалавек:] — Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць [ракаў] на спробу. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)