Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спрацава́цца 1, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). У працэсе працяглай работы дайсці да непрыгоднага стану, знасіцца (пра інструмент, механізм). Матор спрацаваўся.

2. Стаміцца, страціць сілы, здароўе ад непамернай працы. [Марыля:] — Не ў тых гадах я, Амеля, не да гэтага мне цяпер. Якая была, то няма ўжо тае, спрацавалася. Лобан. [Маці] заўсёды так. Усё шкадуе, .. каб не спрацаваўся, каб у пару пад’еў. Дамашэвіч.

спрацава́цца 2, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Дасягнуць поўнай зладжанасці, узгодненасці ў працы з кім‑н. [Зелянюк:] — Ну, што, згода? Едзем? .. Будзем разам працаваць на заводзе... Тут не спрацаваліся, дык, можа, там лепш патрапіш. Зарэцкі.

спрацава́ць, ‑цуе; зак.

Зрабіць патрэбнае дзеянне (пра машыну, механізм). Гадзіннікавы механізм спрацаваў дакладна. В. Вольскі. Спрацавала міна ці не — невядома. Навуменка.

спраці́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць працоўным, апрацівець. Асабліва ён спрацівеў Гашы тады, як яна даведалася, што Амелька вывіжоўвае сярод людзей і даносіць фашыстам. Сабаленка.

спрацо́ўвацца 1, ‑аецца.

Незак. да спрацавацца ​1.

спрацо́ўвацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да спрацавацца ​2.

спрацо́ўваць, ‑ае.

Незак. да спрацаваць.

спрача́льнік, ‑а, м.

Той, хто спрачаецца, хто любіць спрачацца. [Шаблюк] здольны разблытаць самыя спрэчныя пытанні, толькі з яго думкай могуць згадзіцца непрымірымыя спрачальнікі. Шамякін. Перамагаючы гэты боль,.. Васіль Пятровіч зірнуў на спрачальнікаў. Карпаў.

спрача́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да спрачальнік.

спрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Весці спрэчкі (у 1 знач.); пярэчыць каму‑н., даказваючы што‑н. Спрачацца не прыйшлося — аднагалосна прызналі, што агонь важней. Маўр. А дзівакі Спрачаюцца заўзята, Які там да вайны Стаяў будынак. Аўрамчык. Доўга спрачаліся, нарэшце згадзіліся на тым: капаць студню. Ігнаценка. // Выступаць супраць чаго‑н., не згаджацца з чым‑н. Не прыходзіцца спрачацца, што паэтызацыя прыроды ў Коласа не ідзе ні ў якое параўнанне з пейзажнымі малюнкамі яго папярэднікаў. Навуменка. // Разм. Сварыцца. У Даўгінаве ўчора зноў крычалі, спрачаліся. Бажко. Суседзі цяпер не спрачаюцца, не злуюць адзін на аднаго. Прокша.

2. Аспрэчваць права на валоданне чым‑н. Спрачаюцца імператары і каралі За ўладу на добрай чужой зямлі. Куляшоў. Не будзем спрачацца за камні і вежы. Панчанка.

3. перан. Змагацца з чым‑н.; супраціўляцца чаму‑н. А нямоўчнае мора Спрачаецца з нордам. Макаль. Сцяпан будзе спрачацца з жыццём — і ўсё будзе іншым. Каваль. // Сапернічаць з кім‑, чым‑н.; не ўступаць каму‑, чаму‑н. Як на экспарт паветра. Азёры, Бары, Хоць ты з раем Спрачайся, Партызанскі мой краю! Барадулін. Красою спрачаюцца з небам яны [дываны тайгі], красою спрачаюцца з морам. Дубоўка.

4. Выступаць у спрэчках (у 4 знач.). Я не чуў, што рашалі, З кім спрачаўся Бурло, Покуль слова да Валі Па чарзе не дайшло. Нядзведскі.

спрашча́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спрасціцца.

2. Зал. да спрашчаць.

спрашча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спрасціць.