спрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Весці спрэчкі (у 1 знач.); пярэчыць каму‑н., даказваючы што‑н. Спрачацца не прыйшлося — аднагалосна прызналі, што агонь важней. Маўр. А дзівакі Спрачаюцца заўзята, Які там да вайны Стаяў будынак. Аўрамчык. Доўга спрачаліся, нарэшце згадзіліся на тым: капаць студню. Ігнаценка. // Выступаць супраць чаго‑н., не згаджацца з чым‑н. Не прыходзіцца спрачацца, што паэтызацыя прыроды ў Коласа не ідзе ні ў якое параўнанне з пейзажнымі малюнкамі яго папярэднікаў. Навуменка. // Разм. Сварыцца. У Даўгінаве ўчора зноў крычалі, спрачаліся. Бажко. Суседзі цяпер не спрачаюцца, не злуюць адзін на аднаго. Прокша.
2. Аспрэчваць права на валоданне чым‑н. Спрачаюцца імператары і каралі За ўладу на добрай чужой зямлі. Куляшоў. Не будзем спрачацца за камні і вежы. Панчанка.
3. перан. Змагацца з чым‑н.; супраціўляцца чаму‑н. А нямоўчнае мора Спрачаецца з нордам. Макаль. Сцяпан будзе спрачацца з жыццём — і ўсё будзе іншым. Каваль. // Сапернічаць з кім‑, чым‑н.; не ўступаць каму‑, чаму‑н. Як на экспарт паветра. Азёры, Бары, Хоць ты з раем Спрачайся, Партызанскі мой краю! Барадулін. Красою спрачаюцца з небам яны [дываны тайгі], красою спрачаюцца з морам. Дубоўка.
4. Выступаць у спрэчках (у 4 знач.). Я не чуў, што рашалі, З кім спрачаўся Бурло, Покуль слова да Валі Па чарзе не дайшло. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)