Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

барво́віць, ‑вовіць; незак.

Тое, што і барваваць. Ярмоленка крыху памаўчаў, прыжмурыўшыся на нізкае сонца, якое барвовела паўнеба і залаціла стрэхі хат і зямлянак. Сіўцоў.

барво́вы, ‑ая, ‑ае.

Густа-чырвоны, пурпуровы. Недзе недалёка неба асвяцілася барвовым зарывам. Грахоўскі. Петражыцкі ўвесь, з ног да галавы, стаў барвовы, як ад агню. Пташнікаў.

барвя́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць барвянага; барвянае адценне.

барвя́нец, ‑нцу, м.

Густа-чырвоны, пурпуровы колер. Тыя дрэвы, што засталіся, змянілі свой зялёны ўбор на барвянец і золата, дэманструючы гэтым непарушнасць законаў жыцця і смерці. Мікуліч.

барвяне́ць, ‑нее; незак.

Тое, што і барвавець. Барвянеў трапяткі над сялібамі сцяг, Абвяшчаючы волю і долю... Гурло.

барвяні́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і барвісты. Барвяністых прысад паясы Паплылі ўдалячынь — пад нябёсы. І. Калеснік.

барвяні́ца, ‑ы, ж.

Тое, што і барвянец. Ападзе барвяніцай рабіна на дол І застыне ў чаканні спатканняў вясёлых. Кірэенка.

барвяні́цца, ‑ніцца; незак.

Тое, што і барвавець. Успомнілася,.. як ужо ўвечары, калі марозна барвянілася зара на захадзе, бацька накладаў мяшкі на калёсы... Зарэцкі.

барвянцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і барвісты. На крушняярскіх ўскраінах узнік бразгат, лямант, грукат, а над усім гэтым запанавала барвянцовае полымя раптоўна ўзнікшых пажараў. Мікуліч.

барвя́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і барвовы. Насустрач сонцу праз блакітны дым агеньчык бліснуў стужкаю барвянай. Аўрамчык.