фальшы́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць фальшывага. [Лабановіч] адчувае фальшывасць свайго становішча, але хоча паспрачацца з суседкаю. Колас.
2. Тое, што і фальш (у 1, 2 знач.). Не даць Сябе самога выкрасці, У пахвальбе фальшывасць разгадаць. І. Калеснік.
фальшы́віць, ‑шыўлю, ‑шывіш, ‑шывіць; незак.
1. Паводзіць сябе фальшыва, няшчыра, крывадушнічаць. І яшчэ адно пачуццё нараджаецца са скупых запытанняў Васіля — гэта пагарда да кулака, які выкручваецца і фальшывіць. Кучар.
2. Утвараць фальшывыя гукі. Смешна адставіўшы руку са смычком, [Валерый] аднастайна цягнуў адну і тую ж ноту. «Аднак жа ён страшэнна фальшывіць», — здзівіўся юнак. Даніленка.
фальшы́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўводзіць у зман, мае ў сабе фальш. Фальшывая трывога. □ Сяляне адмаўляліся выконваць панскія павіннасці, заяўляючы, што царскі маніфест з’яўляецца фальшывым. Ларчанка. // Які з’яўляецца падробкай; несапраўдны. Фальшывы пашпарт. □ На фальшывым ваенным білеце была .. фотакартка [Філістовіча]. Паслядовіч. За гэты час здарылася гісторыя з фальшывым касавым ордэрам, пра што як-небудзь я раскажу асобна. Скрыган. Ззялі сапраўдныя і фальшывыя каштоўнасці. Самуйлёнак. Зусім зразумела, што лірычны герой .. [М. Танка] адмаўляе ўсё фальшывае, падробленае пад сапраўднае. Гіст. бел. сав. літ.
2. Які не адпавядае ісціне, праўдзе. [Лічбы] сведчылі аб тым, што «Чырвонаму бору» створана фальшывая слава. Сабаленка. // Памылковы, няверны. Усё ўпала, рушылася; у фальшывай дарозе ішлі першыя маладыя гады. Чорны. // Не ўласцівы прыродзе рэчаў; ненатуральны. Знаходзіцца ў фальшывым становішчы.
3. Няшчыры, прытворны. [Міхась] сам добра ведаў, якія былі між імі [Мураўскім і Якімам] адносіны, і таму прыкра было слухаць гэты спознены фальшывы жаль, запраўлены хлуснёй. Машара. Апошняя сцэна.. [Людзе] ніяк не ўдавалася. Фальшывыя пакуты, пафас і — ніякага пачуцця. Шамякін. Сябар з фальшываю ласкаю — Камень трымае за пазухай. Дзяргай. // Які характарызуецца такімі паводзінамі (пра чалавека). Фальшывых людзей, буржуазныя перажыткі пісьменнік высмейваў з пазіцый савецкай маралі. Казека. // Які выказвае няшчырасць, крывадушша, прытворства. Сёмка састроіў фальшывую міну, ухмыльнуўся і схлусіў. Гартны. — Ды... — скончыў.. [дакладчык] сваё выступленне тэатральна фальшывым тонам. Карпюк.
4. Які скажаецца пры вакальным, музычным выкананні (пра мелодыю і пад.). Бравурны марш месцамі быў фальшывы. Бядуля.
фальшы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы; Р мн. ‑шывак; ж.
Разм. Фальшывы, падложны дакумент. Я кінуў вокам на назву аднаго артыкула, другога, і мне ўсё стала зразумела. Гэта не савецкая газета, а лыкам шытая нямецкая фальшыўка! С. Александровіч.