Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спрасо́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спрасавацца.

2. Зал. да спрасоўваць.

спрасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спрасаваць.

спрасце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць больш простым, апрасціцца. Суседзі-гандляры з некаторай пагардай ставіліся да Міхаіла, казалі, што ён спрасцеў. Пестрак.

спра́сці, спраду, спрадзеш, спрадзе; спрадзём, спрадзяце, спрадуць; пр. спраў, спрала; зак., што і без дап.

Скручваючы валокны, вырабіць ніткі. [Пан да мужыка:] — Скажы дачцэ, каб яна да заўтра гэты лён сцерла, спрала, выткала і пашыла мне з яго кашулю. Якімовіч. І то сказаць, хто можа з .. [Аленаю] справіцца! Не толькі на полі. Хто танчэй і хутчэй спрадзе? Чарнышэвіч.

спра́сціся, ‑дзецца; спрадуцца; пр. спраўся, спралася; зак.

Стаць спрадзеным. Кудзеля спрадзецца пазней.

спрасці́цца, спросціцца; зак.

Стаць больш простым, менш складаным (звычайна пра склад, структуру чаго‑н.). Тэхналогія вытворчасці спрасцілася. □ Даданая частка [складана-залежнага сказа] спрасцілася, ператварылася ў член простага сказа. Граматыка.

спрасці́ць, спрашчу, спросціш, спросціць; зак., што.

1. Зрабіць больш простым, менш складаным (звычайна склад, структуру). Спрасціць канструкцыю машыны. Спрасціць правапіс. Спрасціць тэхналагічны працэс вытворчасці.

2. Зрабіць больш лёгкім для ажыццяўлення, выкарыстання; аблегчыць. Спрасціць улік запасных частак. // Зрабіць больш даступным для разумення. Спрасціць умовы задачы.

3. Пазбавіць што‑н. глыбіні, багацця форм, зместу; сказіць. Сур’ёзныя ў жыцці людзей канфлікты, якія так шчыльна звязаны з гісторыяй народа,.. [пісьменнік] спрасціў. «Полымя».

спрат, ‑а і ‑у, М спраце, м.

Разм.

1. ‑а. Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Гаспадар сам выйшаў з хаты, Устрывожыўся ўвесь дом, Абышлі ўсе клеці, спраты.. Каб напасці хоць на след [хлопчыка]. Колас.

2. ‑у. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н.; прыстанішча. [Коласа] цешыла, што гэтае дрэва ўвачавідкі разрасталася і давала надзейны цень у спёку і спрат ад дажджу. Лужанін.

3. ‑а. Патаемнае месца для ўкрыцця чаго‑н.; тайнік. Тым больш, што цяпер.. [Алаізу] туды і моцна цягнула — паглядзець, ці ўсё там у парадку, ці не раскрыты яе спрат. Арабей.

спра́ўджанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спраўджваць — спраўдзіць і спраўджвацца — спраўдзіцца.

спра́ўджаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спраўдзіць.