мопс, ‑а, м.
Парода пакаёвых сабачак з вялікай круглай галавой, кароткай мордай і густой кароткай шэрсцю.
[Ням. Mops.]
мор, ‑у, м.
Уст. Павальная смерць, эпідэмія. Стала ціха, нібы мор выкаціў усю вёску. Пташнікаў.
мо́ра, ‑а, н.
1. Частка акіяна, больш-менш адасобленая сушай, з гаркавата-салёнай вадой. Чорнае мора. Балтыйскае мора. □ Над морам займаецца ясная раніца, і падаюць промні наўскос у ваду. А. Вольскі. Паўночнае мора сустрэла нас штормам. Панчанка. // Умоўная назва некаторых вялікіх азёр ці вялікіх штучных вадаёмаў. Аральскае мора. Мінскае мора.
2. перан. Вялікая прастора чаго‑н. Мора лясоў. □ Рэчкі, купіны, чароты, Мора траў і хмызняку. Колас. І зноў пачыналіся палі, далёка забягаючы жаўтаватым морам жытоў. Скрыган.
3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Мора людзей. Мора кветак. Мора слёз. Мора агню. □ Над морам людскіх галоў узлятае чырвоны сцяг. «Маладосць». / Аб адцягненых з’явах, прадметах, аб пачуццях. Цямней .. становяцца вочы твае, і душа мая тоне ў глыбокім моры іх ззяння. Бядуля.
•••
Адкрытае мора — мора, якое знаходзіцца ў агульным карыстанні ўсіх дзяржаў.
Закрытае мора — мора, усе берагі якога належаць адной дзяржаве.
Капля (кропля) у моры гл. капля.
Мора па калена — усё ніпачым, нічога не цяжка, нічога не страшна.
На дне мора знайсці гл. знайсці.
Чакаць з мора пагоды гл. чакаць.
мо́рак, ‑у, м.
1. Разм. Змрок, цемра. Цямнелася. Моракі клаліся на пыльны брук, на гароды, хавалі далёкія гумны. Пташнікаў. Напружыўшы зрок, Максім разабраў у мораку ледзь прыкметы чалавечы прывід. Машара. // перан. Цемрашальства, дурман. Рэлігійны морак. // перан. Пра што‑н. невядомае, загадкавае. Дзьме холадам ад старажытнага муру, Жыццё тут знямела, захутана ў морак... Тарас.
2. Абл. Мор; пошасць. Пастукалася ў сенцы Палажка — ні гу-гу. Як морак па сядзібе прайшоў. Лобан.
мо́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад марыць (у 1, 4 знач.).
2. у знач. прым. Худы, замораны.
3. у знач. прым. Апрацаваны марылкай (у 2 знач.).
морг 1, ‑а, м.
Трупярня. Стары інвалід быў забіты насмерць, і яго адразу адвезлі ў морг. Лынькоў.
[Фр. morgue.]
морг 2, ‑а, м.
Старая зямельная мера (0,71 гектара). Тым часам з дому для падмогі, Саху забраўшы і нарогі, Антось прыехаў і на грэчку Узняў маргоў са два папару. Колас.
[Польск. morg.]
морг 3, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца для абазначэння адзінкавага кароткага маргання (ад дзеясл. маргнуць і маргаць).
мо́рганне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. моргаць.
мо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і маргаць (у 1, 2 знач.).
мо́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Пярэдняя частка галавы ў жывёлы. Падабраў [Марцін] з-пад конскай морды ў абярэмак сена і, паклаўшы на калёсы, стаў запрагаць каня. Мележ. Цялушка .. трасе галавою і выцягвае морду. Колас.
2. Груб. Твар чалавека. [Дзед:] — Па мордзе, голубе, відаць — шкадлівы ты чалавек. Бажко. // Ужываецца як лаянка. — Пашавельвайся хутчэй, бандыцкая морда! — крыкнуў .. [чырвонаармеец], нарэшце. Крапіва.
мо́рдачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм.
1. Памянш.-ласк. да морда (у 1 знач.).
2. Твар. На аблезлай мордачцы .. [Абрамавай] цвіло замілаванне. Новікаў.