Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

медыцы́нскі, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з медыцынай. Медыцынскія ўстановы. Медыцынскі факультэт. // Звязаны з дзейнасцю ўрача. Медыцынскія абавязкі. Медыцынская дапамога. // Які выкарыстоўваецца ў медыцыне, звязаны з лячэннем; лячэбны. Медыцынскія прэпараты.

•••

Медыцынская сястра гл. сястра.

меды́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да медык. Неяк на студэнцкі навагодні вечар медычкі запрасілі [студэнтаў] з педагагічнага. Шчарбатаў.

меды́чны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і медыцынскі. Медычны тэрмін. Медычная дапамога.

медыя́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які знаходзіцца ў сярэдзіне чаго‑н.; пасярэдні. Медыяльная група мышцаў.

[Ад лац. medialis — які знаходзіцца пасярэдзіне.]

медыя́на, ‑ы, ж.

1. У геаметрыі — прамая лінія, якая злучае вяршыню вугла трохвугольніка з сярэдзінай процілеглай стараны.

2. У статыстыцы — велічыня, што знаходзіцца ўсярэдзіне рада велічынь, размешчаных па ўзрастаючай або сыходнай лініі.

[Ад лац. mediana — сярэдняя.]

медыя́тар 1, ‑а, м.

Спец. Тонкая пласцінка (касцяная, цэлулоідная і г. д.) з завостраным канцом, якой іграюць на некаторых струнных музычных інструментах. Каля веснічак .. [Хвядзько] спыняўся, кратаў медыятарам струны і прыслухоўваўся. Лобан.

[Ад лац. mediator — пасрэднік.]

медыя́тар 2, ‑а, м.

Спец.

1. Пасрэднік (звычайна ў дыпламатычных адносінах, гандлёвых пагадненнях).

2. Рэчыва, якое перадае нервовы імпульс з нервовых клетак да рабочых органаў жывёльнага арганізма.

[Ад лац. mediator — пасрэднік.]

медыя́цыя, ‑і, ж.

Спец. Міжнароднае пасрэдніцтва, мірны спосаб вырашэння міжнародных спрэчак пры дапамозе савета і садзейнічання дзяржавы, якая не ўдзельнічае ў спрэчцы.

[Лац. mediatio — пасрэдніцтва.]

медэля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Сабака медэлянскай пароды.

медэля́нскі, ‑ая, ‑ае.

У выразах: медэлянскія сабакі або медэлянская парода сабак — парода буйных паляўнічых сабак, якія паходзяць з паўночнай Італіі і выкарыстоўваюцца для палявання на мядзведзяў.

[Ад геагр. назвы.]