Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

барацы́т, ‑у, М ‑цыце, м.

Мінерал, двайная соль хлорыстага і борнакіслага магнізо, якая выкарыстоўваецца для прыгатавання розных борных прэпаратаў.

барацьба́, ‑ы, ж.

1. Адзінаборства дваіх, кожны з якіх імкнецца здужаць праціўніка. Барацьба асілкаў. // Від спорту, сілавое змаганне паводле пэўных правіл, пры якім удзельнікі імкнуцца пакласці адзін другога на лапаткі. Класічная барацьба. // Каманднае або асабістае спартыўнае спаборніцтва. Адразу ж.. у барацьбу ўступаюць веласіпедысткі на гоначных машынах. «Звязда». Шахматная барацьба грунтуецца на суровай, вельмі паслядоўнай логіцы. «Маладосць».

2. Змаганне супрацьлеглых класавых, грамадскіх, ідэйных сіл, у якім кожны з бакоў імкнецца атрымаць перамогу. Класавая барацьба. Нацыянальна-вызваленчая барацьба. □ Праблемы ідэалагічнай барацьбы ўсё больш выходзяць на першы план, а праўда аб сацыялізме — магутная зброя ў гэтай барацьбе. Брэжнеў. Налібоцкая пушча.. ператварылася ў адно з вогнішчаў усенароднай партызанскай барацьбы. Брыль. Не на жыццё, а на смерць вялася ў гэтай вайне барацьба паміж сацыялізмам, які з’яўляецца будучыняй усяго чалавецтва, і фашызмам. «Звязда».

3. за што. Актыўная дзейнасць, накіраваная на дасягненне пэўнай мэты. Барацьба за мір. Барацьба за пабудову камунізма. Барацьба за павышэнне прадукцыйнасці працы. Барацьба за датэрміновае выкананне плана. Барацьба за ўраджай. Барацьба за існаванне. // з чым. Дзейнасць на пераадоленне чаго‑н. Барацьба са стыхіяй. Барацьба з безгаспадарчасцю. Барацьба з пустазеллем. Барацьба з перажыткамі мінулага.

4. перан. Сутычка процілеглых, супярэчлівых пачуццяў, імкненняў і ўнутраныя намаганні аддаць перавагу чаму‑н. аднаму з іх. У мяне, у глыбіні пачуццяў, ішла нейкая добра нявызначаная мною барацьба. Нікановіч.

•••

Вольная барацьба — від спартыўнай барацьбы, якая адрозніваецца сваімі правіламі ад класічнай.

барацьбі́т, ‑а, М ‑біце, м.

Удзельнік барацьбы за што‑н. Барацьбіты падполля. □ У спіс барацьбітоў за мір і я Сваё імя паставіць права маю. Зарыцкі. // Актыўны дзеяч, змагар за распаўсюджанне новага, перадавога. Ударнік — барацьбіт за высокія тэмпы, за беззаганную якасць работы. Шынклер. Песенны голас паэта .. ўздымаецца да голасу барацьбіта, у якога ёсць пэўная мэта і ваяўнічы запал. Хведаровіч.

барацьбі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да барацьбіт.

ба́рачнік, ‑а, м.

Рабочы на барцы.

ба́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да баркі. Барачны каркас. // З якога робяць баркі. Барачныя драніцы.

бара́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да барака, уласцівы бараку. Барачны калідор. Барачнае жыццё. // Які па выгляду нагадвае барак. Будыніна барачнага тыпу.

барбамі́л, ‑у, м.

Снатворны сродак з групы барбітуратаў.

барбары́с, ‑у, м.

1. Калючая кустовая расліна сямейства барбарысавых. Матор усхліпнуў, і машына, абдаўшы дымком купчастыя кусцікі барбарысу, рушыла на Курманскі гасцінец. Стаховіч.

2. зб. Прадаўгаватыя кіслыя чырвоныя ягады гэтай расліны. Назбіраць барбарысу.

барбары́савы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да барбарысу. Барбарысавы куст. // Прыгатаваны з ягад барбарысу. Барбарысавае варэнне.

2. у знач. наз. барбары́савыя, ‑ых. Сямейства раздзельнапялёсткавых травяністых ці кустовых раслін з пладамі ў выглядзе ягад або каробачак.

барбаці́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Фаянсавае цеста для нанясення ляпных упрыгожанняў на керамічныя вырабы.

2. ‑а. Ваза з расфарбаванымі пукатымі кветкамі і лісцем.

[Фр. barbotine.]