балаці́раванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. балаціраваць.
балаці́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Падвяргацца балаціраванню, праходзіць абранне шляхам балаціравання. [Кавалеўскі:] — Выбаршчыкі просяць, каб ты [Міхал] даў згоду балаціравацца ў Вярхоўны Савет. Карпаў.
2. Зал. да балаціраваць.
балаці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. каго. Выбіраць каго‑н. закрытым галасаваннем шляхам падачы бюлетэняў. Балаціраваць кандыдатуру.
2. што. Ставіць на галасаванне. Балаціраваць прапанову.
[Фр. ballotter.]
балаціро́вачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для балаціроўкі. Балаціровачны бюлетэнь.
балаціро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. балаціраваць.
балацяві́на, ‑ы, ж.
Разм. Нізкае забалочанае месца. На перасохлай балацявіне жаўцее не кранутая касой жорсткая трава. Навуменка. Дамба стаяла як помнік марнатраўству былога дырэктара лясгаса, якому прыйшло ў галаву праз балацявіну і рэчку пракласці зусім непатрэбную дарогу. Карамазаў.
балаця́нік, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Разм. Уласцівы балоту пах. Балацянікам цягне, настоем Чарамшынных лістоў, палыну. Хведаровіч.
2. ‑а. Прэснаводны малюск класа бруханогіх, які жыве ў спіральна закручаных ракавінах.
3. ‑а. Міфічная істота, якая быццам жыве на балоце. Там, дзе прэў у дрыгве барадаты алешнік, дзе лясун з балацянікам дружбу вадзіў,.. праз калгаснае поле пабегла дарога. Дудар.
балаця́ністы, ‑ая, ‑ае.
Багністы, гразкі. Я ледзьве паспяваў за Уладзікам, а як толькі мы выбеглі за ручай на балацяністае куп’ё, Уладзік і зусім адазваўся ад мяне. Карамазаў.
балаця́нішча, ‑а, н.
Разм. Месца, дзе раней было балота. Увабраўшы [галаву] у плечы і зябка пацінаючыся ад начнога холаду, чалавек пайшоў, хістаючыся, пустыром на балацянішча, парослае алешкавым параснікам. Лынькоў.
балаця́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Забалочанае месца. Летам балацянка высыхала і толькі пасярод яе бег паўнаводны ручай. Федасеенка. Церпкі смольны пах перамешваецца з густой млявай парнасцю — яна плыве з балацянкі. Навуменка.