Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

справаво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да справаводства.

справаво́дства, ‑а, н.

Вядзенне канцылярскіх спраў. Дзяржаўнае справаводства вялося на беларускай мове, якая адыгрывала вядучую ролю ва ўсім грамадстве Вялікага княства Літоўскага. «Полымя».

справа́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад справадзіць.

справа́джванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. справаджваць — справадзіць.

справа́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да справаджваць.

справа́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да справадзіць.

справа́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Разм. Імкнучыся пазбавіцца ад каго‑н., адправіць куды‑н., выправадзіць. Каб не мучыць доўга брата ў кутку пад палацямі, Параска стараецца хутчэй справадзіць сябровак з хаты або сама бяжыць з імі на двор. Якімовіч. // Збыць што‑н.; пазбавіцца ад чаго‑н. І вось, зашыўшыся на печы, Ён [Алесь] разважае недарэчы: Як тут зрабіць і што парадзіць? Куды б «закон» яму справадзіць? Колас.

справазда́ча, ‑ы, ж.

1. Афіцыйнае пісьмовае або вуснае паведамленне кіраўніку ці арганізацыі пра сваю працу, выкананне якога‑н. задання, вынік даследавання чаго‑н. і пад. Справаздача дэпутата. Справаздача мясцовага камітэта. □ На стале ляжала справаздача, складзеная заатэхнікам. Асіпенка. [Кузняцова] заслухалі першага, але яму хацелася пачуць справаздачы другіх, выступіць у спрэчках. Пташнікаў. [Каморнік:] — Дыпломную работу здаваць паеду і справаздачу аб практыцы. Чорны. // Дакумент аб выкарыстанні выдаткаваных сродкаў. — Вось па гэтай графе вы маглі і менш выдаткаваць, — паказала .. [Рубанава] на справаздачу. Пальчэўскі.

2. Растлумачэнне чаго‑н., падрабязны расказ пра што‑н. Юрка сказаў на поўным сур’ёзе: — У мяне з Маяй так: ніякіх справаздач. Ярашэвіч.

справазда́чнасць, ‑і, ж.

1. Рахункаводства паводле ўстаноўленай формы, якое вядзецца ўстановамі і прадпрыемствамі, што павінны даваць справаздачу аб сваіх дзеяннях. Фінансавая справаздачнасць.

2. Сукупнасць дакументаў, якія апраўдваюць расходы ўстановы. Прывесці справаздачнасць у парадак.

справазда́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да справаздачы. Справаздачны бланк. Справаздачны перыяд. // Такі, дзе адбываецца справаздача. Справаздачны сход. // Які з’яўляецца справаздачай. Справаздачны даклад.