справазда́ча, ‑ы, ж.

1. Афіцыйнае пісьмовае або вуснае паведамленне кіраўніку ці арганізацыі пра сваю працу, выкананне якога‑н. задання, вынік даследавання чаго‑н. і пад. Справаздача дэпутата. Справаздача мясцовага камітэта. □ На стале ляжала справаздача, складзеная заатэхнікам. Асіпенка. [Кузняцова] заслухалі першага, але яму хацелася пачуць справаздачы другіх, выступіць у спрэчках. Пташнікаў. [Каморнік:] — Дыпломную работу здаваць паеду і справаздачу аб практыцы. Чорны. // Дакумент аб выкарыстанні выдаткаваных сродкаў. — Вось па гэтай графе вы маглі і менш выдаткаваць, — паказала .. [Рубанава] на справаздачу. Пальчэўскі.

2. Растлумачэнне чаго‑н., падрабязны расказ пра што‑н. Юрка сказаў на поўным сур’ёзе: — У мяне з Маяй так: ніякіх справаздач. Ярашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)