Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сплю́шчванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сплюшчваць ​2 — сплюшчыць ​2.

сплю́шчвацца 1, ‑аецца.

Незак. да сплюшчыцца ​1.

сплю́шчвацца 2, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сплюшчыцца ​2.

2. Зал. да сплюшчваць ​2.

сплю́шчваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сплюшчыць ​1.

сплю́шчваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сплюшчыць ​2.

сплю́шчыцца 1, ‑шчыцца; зак.

Заплюшчыцца (пра вочы, павекі). Сплюшчыліся вочы Толькі перад ранкам... Русак.

сплю́шчыцца 2, ‑шчыцца; зак.

Зрабіцца пляскатым ад ціску, удару. Ляжыць паравоз мой, .. тэндэр убок схіліўся і сплюшчыўся ў блін, а за тэндэрам груба вагонаў. Лынькоў.

сплю́шчыць 1, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што.

Заплюшчыць (вочы, павекі). Толькі сплюшчу вочы гарачыя, — Паплывуць вобразы, як вандроўныя хмары. Танк.

сплю́шчыць 2, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што.

Сціснуўшы, зрабіць пляскатым. Вядро ляжала ў кузаве, і Сцяпан сплюшчыў яго кляновымі чуркамі. Пташнікаў.

сплява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спляваць.

сплява́ць, сплюю, сплюеш, сплюе; зак., што.

Разм. Спэцкаць, змазаць што‑н. пляўкамі; запляваць.

спля́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спляжыць.

спля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. што. Вынішчыць, высечы, ссячы (лес, галлё і пад.). — Шмат чаго, сынок, няма ўжо ў лесе. Дзялянка на дзялянцы. Увесь лес спляжылі. Сачанка. Петрык спляжыў усе бярозы, што раслі на мяжы яго агарода, папілаваўшы іх на дровы. Навуменка. Еўдакія тым часам паспела ўжо спляжыць усё сухое галлё з таполі, знасіць яго ў дрывотню. Кулакоўскі. // Разбурыць, зруйнаваць. — Мінск у руінах, — з выглядам знаўца адказаў сальнік .. — Ушчэнт спляжылі. «Беларусь». // Сапсаваць што‑н. [Мужчына:] — Кажуць, абганяў, а потым затармазіў. От і занесла кузаў. Увесь бок «Масквічу» спляжыў. Карпаў. [Бацька:] — Лайдак пракляты, гультаіна. Такую касу спляжыў. Быкаў.

2. што. Стаптаць, вытаптаць, вынішчыць. Ячмень такі добры ўрадзіўся, аж на табе — спляжылі, здратавалі палавіну кавалка. Баранавых. — Машыны вунь клінок жыта спляжылі, — кіўнуў галавою Мікалай Міхайлавіч. — Дарога ёсць, а яны на поле лезуць. Мыслівец.

3. каго і без дап. Збіць, пабіць; ударыць. Аднаго разу гэтак спляжылі хлопца, што ён ужо не мог сваімі нагамі прыйсці ў камеру. Сабаленка. [Гулік:] — Не таіся, Мычыпар, я ўсё ведаю. Ганка табе спляжыла па мордзе, і ты пайшоў дадому. Навуменка. // Забіць (звычайна звера, птушку). [Дзед:] — Тут летась я столькі цецерукоў спляжыў! Гамолка. Заекатала Дамка, і я паспяшыў у той бок: можа і праўда пашанцуе спляжыць шарака? Даніленка. // перан.; што. Ацаніць адмоўна, раскрытыкаваць. Раман «Зямны хлеб», аказваецца, напісаны на гістарычную тэму, і крытык проста спляжыў яго. Васілёнак.

4. каго. Зваліць, апанаваць каго‑н. (пра хваробу). Інфаркт раптоўна бацьку спляжыў. Валасевіч. Гэта .. [Дзяніс] награшыў некалі, сям’ю пакінуў, дык от цяпер і хвароба спляжыла яго, і сын не хоча ведаць бацьку. Гроднеў.

5. што. Выкасіць, убраць сена. Сенажаць, сенажаць — Вось было б дзе корму! Калі спляжыць, прыбраць — Знаў бы статак норму. Гілевіч.

6. што. Забрудзіць, затаптаць. Усю падлогу спляжылі.

спля́міцца, сплямлюся, сплямішся, спляміцца; зак.

Пакрыцца плямамі. Сцяна сплямілася.