спляжыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. што. Вынішчыць, высечы, ссячы (лес, галлё і пад.). — Шмат чаго, сынок, няма ўжо ў лесе. Дзялянка на дзялянцы. Увесь лес спляжылі. Сачанка. Петрык спляжыў усе бярозы, што раслі на мяжы яго агарода, папілаваўшы іх на дровы. Навуменка. Еўдакія тым часам паспела ўжо спляжыць усё сухое галлё з таполі, знасіць яго ў дрывотню. Кулакоўскі. // Разбурыць, зруйнаваць. — Мінск у руінах, — з выглядам знаўца адказаў сальнік .. — Ушчэнт спляжылі. «Беларусь». // Сапсаваць што‑н. [Мужчына:] — Кажуць, абганяў, а потым затармазіў. От і занесла кузаў. Увесь бок «Масквічу» спляжыў. Карпаў. [Бацька:] — Лайдак пракляты, гультаіна. Такую касу спляжыў. Быкаў.

2. што. Стаптаць, вытаптаць, вынішчыць. Ячмень такі добры ўрадзіўся, аж на табе — спляжылі, здратавалі палавіну кавалка. Баранавых. — Машыны вунь клінок жыта спляжылі, — кіўнуў галавою Мікалай Міхайлавіч. — Дарога ёсць, а яны на поле лезуць. Мыслівец.

3. каго і без дап. Збіць, пабіць; ударыць. Аднаго разу гэтак спляжылі хлопца, што ён ужо не мог сваімі нагамі прыйсці ў камеру. Сабаленка. [Гулік:] — Не таіся, Мычыпар, я ўсё ведаю. Ганка табе спляжыла па мордзе, і ты пайшоў дадому. Навуменка. // Забіць (звычайна звера, птушку). [Дзед:] — Тут летась я столькі цецерукоў спляжыў! Гамолка. Заекатала Дамка, і я паспяшыў у той бок: можа і праўда пашанцуе спляжыць шарака? Даніленка. // перан.; што. Ацаніць адмоўна, раскрытыкаваць. Раман «Зямны хлеб», аказваецца, напісаны на гістарычную тэму, і крытык проста спляжыў яго. Васілёнак.

4. каго. Зваліць, апанаваць каго‑н. (пра хваробу). Інфаркт раптоўна бацьку спляжыў. Валасевіч. Гэта .. [Дзяніс] награшыў некалі, сям’ю пакінуў, дык от цяпер і хвароба спляжыла яго, і сын не хоча ведаць бацьку. Гроднеў.

5. што. Выкасіць, убраць сена. Сенажаць, сенажаць — Вось было б дзе корму! Калі спляжыць, прыбраць — Знаў бы статак норму. Гілевіч.

6. што. Забрудзіць, затаптаць. Усю падлогу спляжылі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)