Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ба́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да банка (у 1 знач.); выконваецца банкам. Банкавая сістэма. Банкавы перавод.

ба́нкаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да банка (у 1 знач.); звязаны з банкам. Банкаўскі служачы. Банкаўскі чэк. Банкаўскі капітал.

•••

Банкаўскі білет гл. білет.

банкаўшчы́к, ‑а, м.

Удзельнік азартнай гульні ў карты, які трымае банк, банкуе.

банке́т 1, ‑у, М ‑кеце, м.

Урачыста абед ці вячэра з нагоды чаго‑н. або ў гонар каго‑н. У нас сёння з выпадку прэм’еры банкет у рэстаране... Васілевіч. Нямала я быў на банкетах, але Урачыстасці большай не знаю, Як гэта, калі мы раскройваем хлеб З свайго маладога ўраджаю. Танк.

[Фр. banquet.]

банке́т 2, ‑а, М ‑кеце, м.

Спец.

1. Насып з грунту або камення для засцярогі якога‑н. збудавання (чыгуначнага, гідратэхнічнага). [Каваль] убачыў .. [Паліну] адразу, ледзь машына, ўзышла на шырокі каменны банкет. Савіцкі.

2. Невялікае ўзвышша каля ўмацавальнага вала для зручнасці стральбы з вінтовак. // Пляцоўка для стральбы каля ўнутранага борта пад верхняй палубай ваеннага карабля.

[Фр. banquette.]

банкетава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. банкетаваць.

банкетава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Удзельнічаць у банкеце; праводзіць час на банкеце. Дзе заедзе, банкетуе Сам ён, яго варта. Ні старому, ні малому Не спускае жартаў. Купала. У Станіслававай хаце справілі вяселле. Тут банкетавалі, а моладзь танцавала ў бараку, дзе звычайна спраўлялі вечарынкі. Чарнышэвіч.

2. Тое, што і баляваць (у 2 знач.).

3. Тое, што і баляваць (у 3 знач.). На руінах-папялішчах, На крывавых на ігрышчах Банкетуе пан. Бядуля.

банке́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тып нізкай табурэткі з мяккім сядзеннем прамавугольнай або круглай формы. Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол.., схадзіў у спальню і на кухню і прыцягнуў адтуль усё, на чым толькі можна было сесці, — крэслы, табурэткі, банкеткі. Васілёнак.

банке́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да банкету ​1; у якім праводзіцца банкет. Банкетны стол. Банкетная зала.

банкі́р, ‑а, м.

Капіталіст, буйны акцыянер або ўладальнік банка.

[Фр. banquier.]

банкі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да банкір.