Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

часце́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца больш частым; пачаць паўтарацца часцей. Страляніна часцее, а .. [Алеся] бяжыць і бяжыць, проста на тыя стрэлы, нібы заварожаная ад куль сваёй вялікай надзеяй, сваім беспатольным смуткам па роднай зямлі. Палтаран.

часці́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і частка (у 1, 2 і 3 знач.); вялікая, значная частка чаго‑н. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода. Колас. [Самоцька:] — У цябе [Андрэя] унь брат.. гаруе, а ты і яго часцінаю заўладаў. Чорны.

•••

Часціны мовы — лексіка-граматычныя разрады слоў, якія характарызуюцца агульнымі лексічнымі і граматычнымі адзнакамі, агульнасцю асноўных сінтаксічных функцый у сказе.

часці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Невялікая частка, доля чаго‑н. [Соф’я Пармон:] — Гэтым людзям мы верым, як самім сабе. Яны — часцінка нас. «Маладосць». Часцінка мая ёсць у той перамозе, Якую ў змаганні здабыў мой народ. Прыходзька.

2. звычайна мн. (часці́нкі, ‑нак). Невялікія цвёрдыя крупіцы, частачкі якой‑н. масы, рэчыва. Залатаносны пясок прамываўся на аўчыне — пясок зносіла вада, а часцінкі каштоўнага металу заставаліся ў поўсці. Самуйлёнак.

часці́ца, ‑ы, ж.

1. У граматыцы — службовае слова, якое не мае самастойнага значэння, а выражае розныя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў.

2. Спец. Элементарная частка ў складзе якога‑н. рэчыва. Электроны — найдрабнейшыя часціцы матэрыі.

часці́ць, чашчу, часціш, часціць; незак.

Вельмі хутка, часта рабіць якія‑н. рухі, дзеянні і пад. — Усё зразумела, — адразу адказаў той. — У вас, малады чалавек, часціць сэрца. Гамолка. — З грэблі б’юць. Вось і нямецкія аўтаматы часцяць. Лынькоў.

часць, ‑і, ж.

1. Асобная самастойная вайсковая адзінка. Танкавыя часці. Пяхотныя часці. □ Вайсковая часць.. атрымлівае заданне: выбіць фашыстаў з умацаванняў. «Звязда».

2. Доля, пай, якія належаць каму‑н. [Богушу] ўжо не да твару калупацца ў зямлі, ён прадае сваю часць і едзе ў свет. Скрыган.

3. з азначэннем. Разм. Галіна якой‑н. дзейнасці; спецыяльнасць. Пайсці па слясарнай часці. □ [Дзед:] — Праўда, на сына мала было надзеі: ударожыўся ён па лясной часці. Якімовіч. // Круг, сфера чыіх‑н. абавязкаў, інтарэсаў, дзейнасці. — А ты замест таго, каб тытунём сабе галаву тлуміць, пацешыўся б во прыродай! — кінуў Наркевічу.. Севасцьянаў. — Ну, гэта па тваёй часці, — засмяяўся Наркевіч, — ты ж паэт, а не я. «Полымя».

часцю́тка, прысл.

Разм. Вельмі часта. Часцютка прыбягаюць дзеці.

часцяко́м, прысл.

Разм. Даволі часта, нярэдка. З таго дня, як у Лісаветы нарадзіўся маленькі Уладзік, я часцяком насіў ёй малако. Сачанка. Часцяком здаралася, што пакой пуставаў, ніхто ў ім не жыў. Карамазаў.