Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фальцо́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца фальцоўкай.

фальцо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да фальцоўшчык.

фальцэ́т, ‑у, М ‑цэце, м.

Вельмі высокі гук пеўчага голасу, які патрабуе асобага прыёму выканання, а таксама такая манера спеву. Заспяваць фальцэтам. // Вельмі высокі, пісклявы голас. Гаварыў Лявон Малашонак роўным голасам, які часамі збіваўся на фальцэт, што трошкі не вязалася з саліднай фігурай старшыні. Ермаловіч.

[Іт. falsetto.]

фальцэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца фальцэтам. Рогат у Васільева быў тонкі, фальцэтны, з высокімі, амаль сапранавымі пералівамі. Мікуліч.

фальш, ‑у, м.

1. Падман, ашуканства. [Гендарсан] поркаўся ва ўжо засыпаных буртах, вымяраў пласт саломы і зямлі, але не знаходзіў фальшу. Чарнышэвіч. // Падробка. На момант.. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

2. Прытворства, няшчырасць, крывадушнасць. У ласкавасці, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, Галіна Іванаўна адчула фальш, няшчырасць. Марціновіч. Валодзя не ўлавіў ноткі фальш[у] у.. расказе [перакладчыка]. Федасеенка. // Адсутнасць натуральнасці, адпаведнасці мастацкай праўдзе. Нішто не бывае такім прыкрым у літаратурным творы, ва ўсякім друкаваным слове, як фальш, непісьменная сухая штучнасць. Чорны.

3. Недакладнасць у выкладанні, скажэнне (пра спеў, ігру на музычным інструменце). У тых жа выпадках, калі чуецца выразны фальш або збіванне з тону, пісар трасе галавою, махае рукою, перахватваючы спевы і змушаючы хор падпарадкавацца яму. Колас.

[Ням. Falsch.]

фальшбо́рт, ‑а, М ‑рце; мн. ‑борты, ‑аў; м.

Спец. Бартавая агароджа палубы на судне. Хвалі пераліваліся цераз фальшборт.

[Ням. Falschbord]

фальшкі́ль, ‑я, м.

Спец. Драўляны або металічны брус, прымацаваны пад кілем для засцярогі яго ад пашкоджання пры пасадцы на мель, на каменне, а таксама для надання судну большай устойлівасці.

[Ням. Falschkiel.]

фальшфе́ер, ‑а, м.

Спец. Папяровая гільза, напоўненая піратэхнічным саставам, які гарыць роўным яркім полымем і выкарыстоўваецца на судне для сігналізацыі або для асвятлення.

[Ням. Falschfeuer.]

фальшывамане́тчык, ‑а, м.

Той, хто робіць фальшывыя грошы. [У лагеры] бестэрмінова сядзелі гамбургскія бандыты, берлінскія фальшываманетчыкі. Карпюк.

фальшывамане́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да фальшываманетчык.