Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

славе́снасць, ‑і, ж.

Уст.

1. Мастацкая літаратура і вусная творчасць якога‑н. народа. Руская славеснасць.

2. Філалагічныя навукі (лінгвістыка, літаратуразнаўства і пад.). Кафедра славеснасці. Лекцыя па славеснасці. □ Справа была ясная: да славеснасці .. [Багдановіч] меў найбольшую схільнасць. Майхровіч. // Назва вучэбнага прадмета ў дарэвалюцыйнай сярэдняй школе, які даваў сістэматычныя веды па літаратуры. Урок славеснасці. Выкладчык славеснасці. □ Мне прыйшлося вучыцца ў настаўніка Міцкевіча дзве зімы. Ён быў вельмі добры настаўнік. Добра вучыў рускай славеснасці, пісьму і арыфметыцы. І ніколі не караў, як іншыя настаўнікі. «Помнікі».

3. Вусныя заняткі з салдатамі па вывучэнню воінскіх статутаў у дарэвалюцыйнай рускай арміі. [Ротны Гланда:] — Панове афіцэры, Бярыце ўзводы! Замест славеснасці пустой Займіцеся работаю другой: Байцам тлумачце сэнс свабоды І ўрада новага намеры. Колас.

славе́снік, ‑а, м.

Уст. Асоба, якая атрымала філалагічную адукацыю; філолаг. // Студэнт філалагічнага факультэта ў дарэвацюцыйнай Расіі. // Выкладчык славеснасці ў дарэвалюцыйнай сярэдняй школе. / Разм. Пра выкладчыка мовы і літаратуры ў сучаснай школе.

славе́сніца, ‑ы, ж.

Уст. і разм. Жан. да славеснік.

славе́сны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да славеснасці. Славеснае аддзяленне універсітэта. Славесныя заняткі.

славе́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.

Ласк. да слова (у 1 знач.).

•••

Рэкнуць славечка гл. рэкнуць.

славі́нец,

гл. славінцы.

славі́нка,

гл. славінцы.

славі́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да славінцаў, які належыць, уласцівы ім. Славінскія пасяленні.

славі́нцы, ‑аў; адз. славінец, ‑нца, м.; славінка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. славінкі, ‑нак; ж.

1. Заходнеславянская народнасць, блізкая да кашубаў, якая жыве ў Польшчы.

2. Недакладная назва славенцаў, якая ўжывалася ў рускай гістарычнай і этнаграфічнай літаратуры 19 ст.

славі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спецыяліст у галіне славістыкі, славянскай філалогіі.