Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

след, ‑у, М следзе; мн. сляды, ‑оў; м.

1. Адбітак ступні нагі, капыта, лапы на якой‑н. паверхні. Калі Мікола праходзіў па гліне, дык ногі гразлі і сляды ад іх заставаліся на памосце. Бядуля. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік.. — Дзе? — Во сляды, бачыш, во! Гэта і гэта. Дзвюма ножкамі... Ці, праўда, чатырма. Брыль. // Адзнака таго, што тут хадзілі; дарога, шлях. След конь чуў добра сам, і яго не трэба было кратаць лейцамі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. Мая Дуброўка!.. Успаміны Вядуць на мой юнацкі след. Бялевіч. // Паглыбленне, паласа і пад. на паверхні чаго‑н. пасля перамяшчэння па ёй. Пракладаецца першы след па новай саннай дарозе. Машара. [Незнаёмы:] — Вось паслухай, якім чынам утвараецца белаваты след за самалётам. Шыловіч. // Вынік чыёй‑н. дзейнасці, якой‑н. падзеі і пад. [Лявон:] — Чалавек павінен па сабе след на зямлі пакінуць. Інакш ён не чалавек... Б. Стральцоў. След гэтай гаворкі астаўся ў Алесі надоўга. Скрыган. [Тварыцкаму] хацелася і ашчаслівіць дачку, і адарвацца, адрачыся, ачысціцца ад свайго мінулага, знішчыць у сабе ўсе яго сляды. Кудраўцаў.

2. Адбітак, які‑н. знак ад ціснення, дотыку і. пад. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Вешалка толькі адарвалася, і на каўняры відзён след ад цвіка. Васілевіч. Вашамірскі расшпільваўся і паказваў .. рубцы — сляды кіпцюроў. Бядуля. // Тое, што, застаўшыся пасля каго‑, чаго‑н., з’яўляецца яго прыкметай, сведчыць аб чым‑н. Тут [у лесе] зусім не відно слядоў чалавека: ні сцежкі, ні ссечанага дрэва. Шамякін. / у перан. ужыв. Мы раз-пораз угадваем у творчасці ранняга Чарота сляды вучобы ў Купалы. Перкін.

3. Уцалелая частка чаго‑н., астаткі чаго‑н. Сляды пазалоты. □ У штабе тым [сельсавеце] усё заўжды Праверана, знаёма: Дзе вапна ёсць, Дзе глін сляды, І колькі тон, вядома. Астрэйка. Даўніх вогнішчаў сляды Зараслі травою. Гілевіч. / у перан. ужыв. Бачу я на твары Дзіцячай, шчырай радасці сляды. Агняцвет.

•••

У адзін след; у два (тры і пад.) сляды (дыскаваць, баранаваць) — разрыхляючы ўзараную зямлю, праходзіць з бараной, дыскамі па адным і тым жа месцы адзін або некалькі разоў.

Без следу — зусім бясследна (знікнуць, згінуць і пад.). Без следу згінуў камарыны кут, як быццам тут за ноч адбыўся цуд. А. Вольскі.

Блытаць сляды гл. блытаць.

Браць (узяць) след гл. браць.

Заблытаць сляды (след) гл. заблытаць.

Замесці сляды (след) гл. замесці.

Зблытаць сляды (след) гл. зблытаць.

Здвоіць след гл. здвоіць.

(І) след прастыў (прапаў) — пра знікненне каго‑, чаго‑н.

І следу не засталося гл. застацца.

І следу няма гл. няма.

Лавіць бягучага воўка след гл. лавіць.

Напасці (трапіць, натрапіць) на след гл. напасці.

Па гарачых (свежых) слядах — зараз жа, адразу пасля якой‑н. падзеі.

След у след — адзін за адным, ставячы нагу туды, куды ступаў той, хто ішоў наперадзе.

Як след — як трэба, як мае быць. Здалёк разгледзець жанчыну як след было цяжка. Лупсякоў. [Баба Іваніха:] — Цяпер, глядзі, бярыся як след за кніжкі. Васілевіч.

сле́дам, прысл.

Услед за кім‑, чым‑н., не адстаючы. Дзяніска схапіў .. [Ганну] за падол і ішоў побач. Клава — следам. Шамякін. / У спалучэнні з прыназоўнікам «за». Памарудзіўшы, следам за моладдзю падаўся і Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Мы выбіраемся са сваёй засады і следам за дзікамі ідзём па пратаптанай сцежцы. В. Вольскі.

•••

Следам за дзедам — па прыкладу старэйшых.

следапы́т, ‑а, М ‑пыце, м.

Той, хто добра распазнае сляды, хто высочвае каго‑н. па слядах. Паляўнічы-следапыт. Разведчык-следапыт. □ Што ж, следапыт, ідзі, выпытвай. Дзе лось пасецца ці каза! Калачынскі. // Пра чалавека, які шукае каго‑, што‑н. І па сённяшні дзень не выяўлены ўсе ўдзельнікі камсамольскага падполля Беларусі. Іх шукаюць вучоныя і чырвоныя следапыты, іх нечакана адкрываюць следчыя. Дзенісевіч.

сле́дства, ‑а, н.

Высвятленне органамі юстыцыі абставін, звязаных са злачынствам. Весці следства. Знаходзіцца пад следствам. □ Стары цікава расказваў, як яны калісьці арганізоўвалі забастоўкі рабочых Лібава-Роменскай чыгункі, як яго, тады яшчэ маладога чалавека, запраторылі ў астрог і ён прасядзеў аж цэлы год, пакуль вялося следства. Сабаленка. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // зб. Разм. Асобы, якія вядуць судовае расследаванне якой‑н. справы. Назаўтра пасля забойства паручніка знайшлі пасярод дарогі, і следства пачало трэсці кожную хату. Чорны.

сле́дчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да следства. Следчыя матэрыялы. // Які вядзе следства. Лепшыя работнікі нашых следчых органаў ламалі галовы пад усёй гэтай справай. Чорны.

2. у знач. наз. сле́дчы, ‑ага, м. Службовая асоба, якая вядзе следства. Пятроў некалі быў следчым раённай пракуратуры. Няхай.

сле́дчыцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да следчага. Ты ж, трэба аддаць табе справядлівасць, пытанні ставіў казуістычныя, — хваліць следчыцкі талент Янкі Андрэй. Колас.

слепава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць слепаватага.

слепава́ты, ‑ая, ‑ае.

Са слабым зрокам. Аднаго разу хлопцаў паклікаў бацька Мартысёнкавай Баркі, .. слепаваты Захар. Асіпенка. Углядаецца [Міхайла] ўдаль слепаватымі вачыма. Бядуля.

слепаво́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які дрэнна бачыць, вельмі блізарукі.

2. Аднавокі, сляпы на адно вока.

слепаглуханямы́, ‑ая, ‑ое.

Пазбаўлены зроку, слыху і здольнасці гаварыць.