слых, ‑у, м.
1. Адно з пяці знешніх пачуццяў, якое дае магчымасць успрымаць гукі. Органы слыху. □ Гэты стары доктар не быў гаваркім чалавекам. Можа таму, што меў тугі слых. Машара. Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны. Да слыху дайшло: цікаюць ходзікі — роўна, мерна. Мележ. // Здольнасць правільна ўспрымаць і аднаўляць музычныя гукі. У Надзі добры голас. Топкі музычны слых. Гарбук. — Э, браце, — забірае Змітро гармонік, — у цябе слыху няма. Жычка.
2. Вестка пра каго‑, што‑н. Не век жа пра.. [бацьку] не будзе аніякага слыху. Чорны. Гады тры слыху не было, бедавала Волька, што дачка прапала. Мыслівец. // Пагалоска. І пайшоў усюды слых, што Лявон на гэтым пустыры лён думае сеяць. Кулакоўскі.
•••
Абсалютны слых — здольнасць вызначаць абсалютную вышыню музыкальных гукаў (до, рэ, мі і г. д.).
На слых — а) толькі слухаючы (вызначаць, пазнаваць і пад. што‑н.). Сваіх, самых мне блізкіх, суседзяў Грачовых я яшчэ мала ведаю. Пакуль што ўспрымаю іх толькі на слых. Ракітны; б) па памяці, без нот (пець, іграць і пад.). Аляксандр лёгка, на слых падбіраў любую мелодыю. Васілевіч.
Ні слыху ні дыху — ніякіх вестак няма.
Ператварыцца ў слых гл. ператварыцца.
Гадаваць слых гл. радаваць.
слыхавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да слыху (у 1 знач.). Слыхавыя органы. Слыхавое ўспрыманне. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе слыху. Слыхавая сувязь. Слыхавы дыктант. // Які звязан з успрыманнем гучання мастацкага твора. У вершы [М. Танка «Канцэрт у сене»] што ні радок, то пэўны, адметны слыхавы вобраз. Рагойша.
2. Які служыць для слухання, дае магчымасць слухаць. Слыхавы апарат. Слыхавая трубка.
слыць, слыву, слывеш, слыве; слывём, слывяце; незак., кім-чым, за каго і без дап.
Разм. Быць вядомым у якасці каго‑, чаго‑н., лічыцца кім‑, чым‑н., славіцца. На звадку для хлопцаў, на зайздрасць дзяўчатам, Слыла паваблівай дзяўчынай яна [Гануля]. Купала. [Сімха:] — А можа. Таня, хочаш есці? Я тут за кухара слыву. Глебка. [Коля:] — Ты ж, Міхась, слывеш сярод нас самым разумным. Няўжо ты не можаш што-небудзь выдумаць? Шахавец. Адным словам, школа слыла па ўсё Навагранскае ваяводства. Сабаленка.