Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

слібізава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. слібізаваць.

слібізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., што і без дап.

Разм. Чытаць марудна, па складах. У хаце было цемнавата, і палкоўнік слібізаваў па літарах, не могучы іх звязаць у адно цэлае. Сабаленка. Калі дома быў стары, ён заўсёды першым браўся за пісьмо, надзяваў акуляры і, слаба разбіраючы сынаў почырк, слібізаваў кожнае слова. Васілевіч.

слі́ва, ‑ы, ж.

1. Фруктовае дрэва сямейства ружакветных з пладамі жоўтага або ліловага колеру з костачкай у сярэдзіне. Як толькі згоніць снег, .. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе стаіць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Розныя раслі ў .. садзе [пана Кудзілоўскага] дрэвы: яблыні, вішні, слівы, цэлыя зараснікі маліны, агрэсту, парэчак. Хомчанка. / у знач. зб. Сліва ў садзе пасохла.

2. Плод гэтага дрэва. Варыць слівы. З’есці сліву. □ Для каго паспелі слівы? — Для Паўлушы, што за дзіва! Муравейка.

слі́вавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да слівы. Слівавая костачка. // Прыгатаваны са сліў (у 2 знач.). Слівавы джэм. Слівавае варэнне.

слі́вень, сліўня, м.

Род бязногай, падобнай на змяю яшчаркі. Спажывы .. [буслам] было тут шмат: і гадзюкі, і сліўні, і жабы, і розная іншая драбяза вялася. Пальчэўскі.

слі́віна, ‑ы, ж.

Разм. Адзінкавае дрэва, адзін плод слівы.

слівя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Слівавая наліўка або настойка. Упершыню пасля вайны пачынаецца масавы выраб беларускай слівянкі. «Беларусь».

слі́зганка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Слізкае месца; коўзанка. Па дварэ яшчэ восень, лісце не ўсё пажоўкла, а Пятруська можа напісаць у сваім сшытку «Зіму». Захоча, дык і напіша. А напісаўшы, уявіць, што гэтае слова азначае снег, марозы і слізганку на вуліцы. Можна і намаляваць усё гэта. Кулакоўскі.

слі́зганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. слізгаць і слізгацца.

слізгану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Аднакр. да слізгацца (у 1, 3 знач.).

2. Паслізнуцца. [Хлопец] паставіў падножку, я слізгануўся і, ускінуўшы рукі, расцягнуўся тут жа на парозе. Адамчык.