Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пяры́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пярыны ​1. Пярынная насыпка.

пярэ́бары, ‑аў; адз. няма.

1. Разм. Пераезд, перасяленне. Пярэбары з Сухоншчыны ў Альбуць .. кладуць выразную мяжу ў маім жыцці. Колас. Цяпер, калі хата была парожняя, Аляксею можна было думаць аб пярэбарах сям’і. Пальчэўскі.

2. Абл. Сварка, спрэчка. Вера моўчкі слухала пярэбары. Адчувала, што яна павінна сказаць тут сваё рашаючае слова. Асіпенка.

пярэ́бірак, ‑рка, м.

Абл. Ахапак, пласт сена, саломы і пад., набраны граблямі. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель на пярэбірку свежага сена. Дамашэвіч. У адным стозе Іван Касніцкі ўбачыў, што пярэбірак саломы навісае ўніз. Чорны.

пярэ́варацень, ‑ратня, м.

Паводле паданняў — чалавек, які ператварыўся, абярнуўся ў каго‑, што‑н.

пярэ́вітка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Кручаны дубец, лазіна, якой перавіваюць калы ў плоце.

пярэ́дадзень, ‑дня, м.

Час, які непасрэдна папярэднічае якой‑н. даце, з’яве, падзеі. У пярэдадзень Новага года мне трэба было з’ездзіць па справах у раённы цэнтр. Хадкевіч. Пярэдадзень Вялікай французскай рэвалюцыі азнаменаваўся дзейнасцю філосафаў-асветнікаў. Пшыркоў.

пярэ́дадне, ‑я, н.

Тое, што і пярэдадзень. На апошняй старонцы спраўляючы дажынкі, я пярэдадне Леніна параўнаю з крыніцай. Вялюгін.

пярэдне...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «пярэдні», напрыклад: пярэднепаднябенны, пярэднеязычны.

пярэднепаднябе́нны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтвараецца ў пярэдняй частцы паднябення (пра гукі).

пярэднеязы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтвараецца з дапамогай пярэдняй часткі языка (пра гукі).