Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пляцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

1. Роўнае месца на зямлі, прыгоднае або падрыхтаванае для якіх‑н. мэт. Некалькі дзяўчат зносілі ў кучы жалезнае ламачча, расчышчалі пляцоўку, мужчыны заканчвалі крыць павець. Хадкевіч. Пасадачную пляцоўку рыхтавалі ў раёне Межаў, кіламетраў за дваццаць ад Ласінага вострава. Шамякін. // Месца, падрыхтаванае для якіх‑н. работ. На будаўнічых пляцоўках.. [карэспандэнт] пачуў размовы пра зарачанскі калгас, на зямлі якога будавалася станцыя, і вырашыў яго наведаць. Шахавец. Пляцоўка была гатова для здачы пад мантаж, перад вачыма вырысоўваліся абрысы падмурка, які павінен трымаць такую грамадзіну. Хадкевіч.

2. Роўнае вольнае месца ў якім‑н. збудаванні паміж двума лесвічнымі маршамі. Лёнік грукнуў дзвярыма і выскачыў на лесвічную пляцоўку. Васілёнак.

3. Пярэдняя або задняя частка вагона, звычайна без месц для сядзення. Сідарук выйшаў на пляцоўку вагона і, як толькі цягнік на раз’ездзе крыху сцішыў рух, скокнуў у мяккі снег. Галавач. І толькі трамвай спыніўся, .. [Рыгор] спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Гартны.

4. Тое, што і платформе (у 2 знач.). [Сярго:] Вагоны скора будуць: Я сёння з Оршы выслаў тры пляцоўкі. Глебка. Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Шамякін.

•••

Дзіцячая пляцоўка — сезонная выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

плячо́, а́; мн. пле́чы, Р мн. плячэй і плеч, Д пляча́м, Т пляча́мі і плячы́ма, М (аб) пляча́х; н.

1. Частка тулава ад шыі да рукі. Міколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо. Лынькоў. Рука Віктара ляжала на маім плячы. Савіцкі.

2. Верхняя частка рукі да локцевага сустава. Пералом пляча.

3. толькі мн. (пле́чы, плячэ́й і плеч). Тыльны бок тулава ад шыі да пояса; спіна. Немцы, спяшаючыся выскачыць з гэтай смяротнай стыхіі, усё часцей штурхалі людзей у плечы. Шчарбатаў.

4. Спец. Частка рычага ад пункта апоры да пункта прыкладання сілы, якая дзейнічае на рычаг.

5. Спец. Частка прадмета або ўчастак чаго‑н., размешчаны пад вуглом да яго асноўнай часткі. Плячо бастыёна.

•••

Браць ногі на плечы гл. браць.

Вынесці на сваіх плячах гл. вынесці.

Гара з плячэй звалілася гл. гара.

За плячамі — у мінулым (быць, стаяць, мець).

За плячамі не насіць гл. насіць.

Зваліцца з плячэй гл. зваліцца.

Зваліць з плячэй гл. зваліць.

З плеч далоў гл. далоў.

З чужых плячэй — які не падыходзіць па размеру, які раней насіў хто‑н. (пра адзежу).

Касы сажань у плячах гл. сажань.

Мець галаву (на плячах, на карку) гл. мець.

Націснуць плячамі гл. націснуць.

Плячо ў плячо — а) блізка, побач з кім‑н.; б) у цесным адзінстве, разам.

Расправіць плечы гл. расправіць.

Ускласці (узваліць) на плечы гл. ускласці.

плячу́к, плечука, м.

1. Разм. Тое, што і плячо (у 1 знач.). Змоўкла, у задуменні прыхінулася Лысаковічаўна да Адасёвага плечука. Калюга.

2. Вата, падкладзеная пад плечы ў адзежы. [Мужчына:] — А мо вы заадно і штаны звузіце, ды з плечукоў крыху ваты выскубеце? «Звязда».

плячы́сты, ‑ая, ‑ае.

Шыракаплечы. І ўсё ж мы знайшлі Барыса. Гэта быў хлопец гадоў шаснаццаці, дужы і плячысты. Жычка. Праз некалькі хвілін у хату зайшлі плячысты, дужы Алёша Кунцэвіч, з непакрытай чорнай чупрынай, і высачэзны Мікіта Маляўка. Дуброўскі.

•••

Плячысты на жывот — пра таго, хто многа есць. — Плячысты на жывот [Косця Шмыг], — жартам, мусіць, сказаў начальнік цэха Мамалыга. Мыслівец.

пля́шачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пляшкі.

пля́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Шкляная пасудзіна з вузкім горлам, служыць для захоўвання вадкасці; бутэлька. Гаспадыня паспешліва наліла пляшку малака. Новікаў. Вяселле не гулялі, толькі выпілі пляшку данскога віна. Лужанін.

пляшы́васць, ‑і, ж.

Адсутнасць валасоў.

пляшы́вы, ‑ая, ‑ае.

З плешам, аблыселы. Шыковіч праз шкло ў задняй сценцы бачыў, як з боку ў бок матлялася пляшывая галава. Шамякін.

пляшы́на, ‑ы, ж.

Тое, што і плех. Сям-там дол зарос вераском, а найчасцей голы, з сівымі пляшынамі лішайнікаў. Навуменка.