Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

плён, ‑у, м.

1. Тое, што вырашчана: садавіна, гародніна, зерне і пад.; ураджай. Не злічыць у ім [садзе] плёнаў: грушаў, яблыкаў, сліў. Машара. Не зробіш гэтага, не паставіш кій ці не нацягнеш нітку, па якіх бы фасоля магла віцца, — не чакай і плёну. Сачанка.

2. перан. Вынік старанняў; дасягненне. — У палку мне добра. Лятаю і лятаю. Адразу бачу плён сваёй работы... Алешка. Дапісана апошняя старонка, правераны разлікі, цытаты і формулы, прыведзены ў парадак чарцяжы, і — хораша бачыць плён сваіх пошукаў і пакут. Хадкевіч.

плёначны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плёнкі, звязаны з прымяненнем плёнкі (у 1, 2 знач.).

плёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Празрыстая эластычная, цэлулоідная стужка са святлоадчувальным слоем для фатаграфічных і кінематаграфічных здымкаў. За якой паўгадзіны Айзік мог аббегаць паўгорада, напстрыкаць на плёнку свае «лейкі» кадраў з дваццаць. Сабаленка.

2. Тонкая празрыстая бясколерная матэрыя сінтэтычнага паходжання. Поліэтыленавая плёнка. Трымаць раннія агуркі пад плёнкай.

3. Тое, што і плеўка. Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч.

плённасць, ‑і, ж.

Уласцівасць плённага. А на ліры звонкай струны гімн звінелі Пра красу і плённасць нашае зямлі. Гурло. Плённасць маладнякоўскага ўплыву на творчасць Змітрака Бядулі відаць перш за ўсё ў шырокім жыццёвым дыяпазоне яго паэзіі. Каваленка.

плённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дае плён (у 1 знач.). І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак.

2. перан. Які дае добрыя вынікі, прадукцыйны. Дні працы ў лесе былі для прафесара вельмі плённымі. Кавалёў. Плённымі справамі адзначылі мінулы год працоўныя Савецкай Беларусі. «Звязда».

плёс, ‑а, м.

Шырокі ціхі ўчастак ракі паміж перакатамі або астравамі. Антось прапанаваў схадзіць на той плёс, дзе вясной добра браліся акуні. Ляўданскі.

плёск, ‑у, м.

Тое, што і плёскат. У гэты момант пачуўся плёск, нібы хто кінуў У раку камень. Ваданосаў. Але тут нечакана пачуўся плёск вёслаў, і да рыбаловаў пад’ехаў човен. Самуйлёнак.

плёскат, ‑у, ДМ ‑каце, м.

Шум, які ўтвараецца ад падзення вады (вадкасці) або ад удару чым‑н. па паверхні вады (вадкасці); пляск. Вясна. Вечары над Сожам, ціхі плёскат хваль, крыкі дзікіх качак у густых чаротах... Дуброўскі. Яшчэ начамі рэчку ў зорах Будзілі плёскатам самы, — Калі стары вандроўнік-жораў Пачуў пагрозны дых зімы. Кірэенка.

плёскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Плюхацца. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць, і толькі ў глыбозных чорных бухтах яе плёскаюцца самы, узнімаючы срэбныя кругі-абручы. Колас. Хлапчук радасна плёскаўся ў начоўках і смяяўся. Шамякін. Вада ў вёдрах зазыбалася і пачала плёскацца цераз краі. Карпаў.

плёскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да плёснуць.