Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

медсанба́тавец, ‑таўца, м.

Разм. Супрацоўнік медсанбата.

медсястра́, ‑ы, ж.

Медыцынская сястра.

меду́за, ‑ы, ж.

Марская жывёліна са студзяністым целам і шчупальцамі.

[Грэч. Medusa.]

медуні́ца, ‑ы, ж.

Травяністая расліна сямейства бурачнікавых з дробнымі пахучымі кветкамі. І ўслед за падбелам дружна рынуліся з зямлі чубаткі, за імі — сінія і белыя пралескі, сон, ружовыя медуніцы, над якімі ціхенька і асцярожна загудзелі першыя чмялі. Хомчанка.

медфа́к, ‑а, м.

Медыцынскі факультэт.

ме́дык, ‑а, м.

Спецыяліст па медыцыне, урач. // Разм. Студэнт медыцынскай навучальнай установы.

медыкаменто́зны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Звязаны з медыкаментамі. Медыкаментозны метад лячэння.

медыкаме́нты, ‑аў; адз. медыкамент, ‑а, М ‑нце, м.

Лячэбныя сродкі, лякарства. [Доктар:] Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва.

[Ад лац. medicamentum.]

ме́дыум 1, ‑а, м.

Паводле забабонных уяўленняў спірытаў — пасрэднік паміж людзьмі і «духамі».

[Ад лац. medius — сярэдні.]

ме́дыум 2, ‑а, м.

Сярэдні рэгістр жаночага пеўчага голасу.

[Ад лац. medius — сярэдні.]

медыцы́на, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць навук аб хваробах, іх лячэнні і прафілактыцы. Касмічная медыцына. □ [Падацюк:] — Вера была санітаркай у партызанах, медсястрой, бачыла работу ўрачоў, палюбіла медыцыну. Дуброўскі.

2. Разм. Пра медыцынскага работніка, урача. [Косця] з дакорам кідаў .. [Надзі]: — Эх ты, медыцына! Лынькоў.

[Лац. medicina.]