буржуа́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да буржуазіі; уласцівы буржуазіі. Буржуазная ідэалогія. Буржуазная мараль. Буржуазны нацыяналізм. Буржуазны быт. Буржуазная прэса. Буржуазная культура.
2. Які характарызуецца панаваннем буржуазіі, які робіцца ў інтарэсах буржуазіі. Буржуазная рэвалюцыя. Буржуазная рэспубліка, краіна. Буржуазны ўрад. Буржуазнае грамадства. Буржуазная дэмакратыя. Буржуазны лад.
буржу́й, ‑я, м.
Разм. Пагардлівая назва буржуа. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Лынькоў. Помніць Харкаў і Чугуеў, Як рабочыя ў той час Ад германскага буржуя Баранілі свой Данбас. Глебка.
буржу́йка, ‑і, ДМ ‑жуйцы; Р мн. ‑жуек; ж.
Разм.
1. Жан. да буржуй.
2. Невялікая чыгунная печка. Прыйшоў [Габрусь] у будку, падкінуў паленца-другое ў «буржуйку». Шынклер. Партызанскія майстры зашклілі вокны, нарабілі табурэтак, столікаў, паставілі буржуйку, навазілі дроў, падвесілі да столі лямпы — і школа была гатова. Няхай.
буржу́йскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да буржуя. У Садовіча настольнікаў не было — ён лічыў іх непатрэбнаю буржуйскаю раскошаю. Колас.
бу́рка 1, ‑і. ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Шырокая і доўгая адзежына з даматканага сукна з башлыком, якая надзяваецца паверх кажуха. Потым.. [Ліза] чула, як увайшоў у хату дзед, скінуў бурку і пачаў тупаць па кухні цяжкімі ботамі. С. Александровіч.
2. Род плашча або накідкі з тонкага лямцу, якой карыстаюцца коннікі на Каўказе. Гэта былі вельмі маляўнічыя коннікі ў круглых кубанках з чырвоным верхам і, нягледзячы на спякоту, у чорных шыракаплечых і шыракаполых бурках, на добрых сытых конях, падабраных адзін у адзін па масці. Машара.
бу́рка 2,
гл. буркі.
буркава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. буркаваць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
буркава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Утвараць характэрныя для галубоў гукі. Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы. Шамякін. // перан. Жарт. Лагодна і пяшчотна размаўляць. З усімі.. [Ліза] гаварыла ласкава і мякка. Ну проста не гаварыла, а мурлыкала, як каток, ці буркавала, як галубка. Арабей. Сядзела на лаўцы Пад фрэнчам хлапечым І ўсё буркавала Каханку аб нечым. Гілевіч.
бу́ркала, ‑ы, ДМ ‑е, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. жарт. Пра чалавека, які любіць выказваць сваё нездавальненне па дробязях. [Ліда:] — Ніначка, які.. [Грыша] ў цябе буркала. Шамякін.
бу́ркалы, ‑аў; адз. няма.
Разм. пагард. Вочы. Пан Юзаф.. злосна сплёўвае на казу, уставіўшую на яго свае лупатыя буркалы. Лынькоў.
бу́ркат, ‑у, М ‑каце, м.
Разм. Тое, што і буркатанне.