баластава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
Спец. Засыпаць баластам (у 1, 3 знач.). Баластаваць чыгуначнае палатно. Баластаваць карабель.
бала́стны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да баласту (у 1, 3 знач.). Баластная сістэма карабля. // Зроблены з баласту. Баластны слой чыгуначнага палатна.
бала́стэр, ‑а, м.
Машына для баластавання чыгуначнага палатна.
балаўні́к, ‑а, м.
Разм. Дураслівец, свавольнік. [Нупрэй:] — Ніводзін з нашых малых не зробіць шкоды, дарма што некаторыя з іх балаўнікі. Кулакоўскі. А жарэбчык у вас важнецкі, — пахваліў .. [Андрэй] каня. — Малады, відаць, балаўнік. Грахоўскі.
балаўны́, ‑ая, ‑ое.
Разм.
1. Дураслівы, свавольны.
2. Распешчаны, сапсаваны залішняй увагай. Балаўное дзіця.
балаўство́, ‑а, н.
Разм. Дураслівыя забавы; свавольства.
балахо́н, ‑а, м.
Вопратка з парусіны, палатна свабоднага крою, якую раней насілі сяляне. За вёскай Вера ўбачыла надта фацэтную чалавечую постаць, затуленую ў шырокі жоўтага колеру балахон. Асіпенка. // Разм. Пра шырокую бясформенную вопратку.
балахо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да балахона. Балахонны матэрыял.
балаці́на, ‑ы, ж.
Разм. Невялікае балота, лагчына; балоцістае месца. Трэба капаць зямлю, засыпаць балаціны на будаўнічай пляцоўцы. Грахоўскі.