Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спле́сці, спляту, спляцеш, спляце; спляцём, сплецяце, сплятуць; пр. сплёў, спляла, ‑ло; заг. спляці; зак., што.

1. Вырабіць, зрабіць пляценнем. Сплесці вянок. □ І кошык сплятуць Каля светлай вады, І ягад лясных Назбіраюць дзяды. Куляшоў. Дзед Цыпрук сваю паставіў базу, Адмыслова сплёў з галін будан, Што ў спёку добра пахне лазняй. Караткевіч. Неяк за абедам бацька папрасіў: — Сплёў бы ты мне, сынок, лапці. Ляўданскі.

2. Злучыць, змацаваць пляценнем. Па прывычцы .. [Маша] спляла валасы ў касу. Шамякін. Ён [салдат] касіў, быццам піў хмельны водар здаровы Белай дзятлаўкі той, што спляла травастой. Арочка. // Злучыць, счапіць, пераплёўшы адно з другім (рукі, ногі, пальцы). Сплёўшы пальцы на галаве і злёгку адкінуўшыся назад, .. [Сіўцоў] уголас пачаў чытаць цудоўныя вершы Цютчава. Васілевіч. // перан. Цесна звязаць, злучыць, зліць. Некалькі сюжэтных ліній аўтар сплёў у адзіную кампазіцыю. «Маладосць».

3. перан. Разм. Выдумаць. — Не, няпраўда, сынок! Гэта байку сплялі. Колас.

спле́сціся, сплятуся, спляцешся, спляцецца; спляцёмся, сплецяцеся, сплятуцца; пр. сплёўся, сплялася, ‑лося; заг. спляціся; зак.

1. Пераплесціся, пераблытацца; пераплёўшыся, злучыцца (пра галіны, дрэвы і пад.). Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу. Шамякін. Абвітыя хмелем галінкі і лісце спляліся над галавою так густа, што праз іх не магло прабіцца сонца. Сачанка. Карэнні, як дрот тэлефонны, Спляліся ля кожнай сасны. Прыходзька. // Пераплёўшыся, счапіцца (пра рукі, ногі, пальцы); абхапіць адно аднаго, пераплёўшы рукі і ногі. Толькі прыйшоў гэты час. На пероне Клункаў і кошыкаў штурхатня. Думна стаялі вы збоку, пры клёне, Рукі спляліся — ніяк не разняць. Цвірка. Школу запоўнілі крыкі і лаянка. Усе спляліся ў адзін клубок. Кіпеў сапраўдны рукапашны бой. Машара. // перан. Злучыцца, зліцца адно з другім. Як дзіўна ўсё гэта сплялося! Колас. Даўняе з сягонняшнім сплялося. Пысін. У .. сюжэце зусім ненатуральна спляліся эпізоды сямейна-бытавой драмы з меладраматычнай развязкай. Лойка.

2. Уявіцца, узнікнуць у свядомасці, у сне. [Крушынін:] — Учора бачыў у сне .. Домну [Анісіма]. І спляцецца ж чорт ведае што! Гурскі. Ноччу доўга не мог заснуць. З галавы не выходзіць тое, што перажыў за дзень .. І сплёўся пачварны неверагодны сон, які змучыў мяне канчаткова. Дамашэвіч.

спле́цены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сплесці.

2. у знач. прым. Які сплёўся, зблытаўся (пра галіны, расліны і пад.). Варушылася сплеценае бярозавае галлё. Мележ. [Зося, Іна, Анатоль] спыніліся каля сплеценых кустоў вінаградніку, які ўтварыў нешта накшталт жывога будана. Ваданосаў.

сплёўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да сплёўваць (гл. сплюнуць у 1 знач.).

сплёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сплюнуць.

спло́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сплоіць.

спло́іць, сплою, сплоіш, сплоіць; зак., што.

Зрабіць плойку на чым‑н.

сплыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да сплысціся.

сплыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да сплысці.

2. Спадаць, спускацца, звісаць (пра тканіну, валасы і пад.). З плеч сплываюць яе косы, Як бы сонца косы, І іскрацца, як на сонцы Брыльянцісты росы. Купала. Ішлі пары за парамі. Белы шоўк сплываў нявінна па іх гібкіх станах. Цётка.

сплы́сці і сплыць, сплыву, сплывеш, сплыве; сплывём, сплывяце; пр. сплыў, сплыла, ‑ло; зак.

1. Паплысці, сысці ўніз па цячэнню, быць знесеным вадой. Так, пэўна, і сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе .. мяшчане і трэскі не прапускалі. Караткевіч. Сплылі ўжо астатнія крыгі па рацэ. Гарэцкі. // перан. Зменшыцца. Цяпер людзей сплыло крыху. Чорны.

2. Сцячы адкуль‑н., выцечы. Вада ў рацэ пасля веснавой паводкі яшчэ вялікая. Але з прырэчнага лугу ўжо сплыла. Каршукоў. Нага ўся дранцвела, ад ступні да сцягна, .. [Сотнікаў] ужо не адчуваў і цеплыні крыві, якой, мусіць, сплыло нямала. Быкаў.

3. Павольна, плаўна апусціцца, паляцець, аддаліцца і пад. Пасля раптам хмары сплылі, зноў выбліснула сонца. Арабей. Мяркуючы быццам, што рабіць, .. [коршак] зноў сплыў да зямлі. Мурашка. Снегавы пыл, што ўзняў грузавік Стаева, даўно сплыў за дарогу, растаў сярод кедраў. Савіцкі. Улёгся вецер, Сыраваты, рэзкі. Смуга сплыла з палёў у пералескі. І. Калеснік. // перан. Паступова, павольна знікнуць. У наступны момант .. [Назарэўскі] адвярнуўся, і з яго твару сплыла ўсмешка. Чорны. Узрушэнне, выкліканае незвычайнасцю навіны, паступова сплыло. Навуменка.

4. Прайсці, мінуць (пра час, здарэнні). Было даўно — З тае пары Нямала дзён сплыло. Кірэенка. За ўсім адразу не паспееш, Жыццё, як воблачка, сплыве. Бураўкін. Было ды сплыло. Прымаўка.

5. перан. Разм. Бясследна знікнуць, прапасці. Гарод пры школе добры быў, — яго ўсе вучні абраблялі. Ды ўраджай кудысьці сплыў, калі ў свой час яго сабралі. Корбан. // Хутка зрасходавацца. [Дзядзька Міша:] — І што вы думаеце? Не агледзеўся чалавек, як сплылі тыя яго тысячы. Палтаран.

6. Знемагчы ад страты крыві. Яна сплыла крывёю і была бледная-бледная, не зважаючы і на загар. Шахавец.

•••

Сплысці (сплыць) (з) вадою — прайсці, мінуць.