спле́сці, спляту, спляцеш, спляце; спляцём, сплецяце, сплятуць; пр. сплёў, спляла, ‑ло; заг. спляці; зак., што.
1. Вырабіць, зрабіць пляценнем. Сплесці вянок. □ І кошык сплятуць Каля светлай вады, І ягад лясных Назбіраюць дзяды. Куляшоў. Дзед Цыпрук сваю паставіў базу, Адмыслова сплёў з галін будан, Што ў спёку добра пахне лазняй. Караткевіч. Неяк за абедам бацька папрасіў: — Сплёў бы ты мне, сынок, лапці. Ляўданскі.
2. Злучыць, змацаваць пляценнем. Па прывычцы .. [Маша] спляла валасы ў касу. Шамякін. Ён [салдат] касіў, быццам піў хмельны водар здаровы Белай дзятлаўкі той, што спляла травастой. Арочка. // Злучыць, счапіць, пераплёўшы адно з другім (рукі, ногі, пальцы). Сплёўшы пальцы на галаве і злёгку адкінуўшыся назад, .. [Сіўцоў] уголас пачаў чытаць цудоўныя вершы Цютчава. Васілевіч. // перан. Цесна звязаць, злучыць, зліць. Некалькі сюжэтных ліній аўтар сплёў у адзіную кампазіцыю. «Маладосць».
3. перан. Разм. Выдумаць. — Не, няпраўда, сынок! Гэта байку сплялі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)