бамбёжка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. бамбіць (у 1 знач.).
бамбі́за, ‑ы, м.
Разм. лаянк. Пра высакарослага хлапца, мужчыну. Раптам з-за вугла дома выскачыў здаравенны бамбіза, схапіў дзяўчыну за плечы. Сачанка.
бамбі́ць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго-што.
1. Атакаваць з паветра, скідваючы бомбы. Горад бамбілі нямецкія самалёты. Чорны.
2. перан. Разм. Безупынна турбаваць каго‑н. просьбамі, лістамі і інш. Я бамбіў рапартамі начальства, прасіў адправіць мяне на фронт. Дзенісевіч.
бамбу́к, ‑у, м.
1. Шматгадовая, радзей аднагадовая расліна сямейства злакавых з падземным карэнішчам і дрывяністым, вузлаватым, пустым усярэдзіне сцяблом. / у знач. зб. Нарэзаць бамбуку.
2. Матэрыял для вырабу садовай мэблі і інш. Нізенькія ложкі, стол, крэсліцы з тонкага бамбуку, здавалася, могуць рассыпацца пры першым дотыку. Б. Стральцоў.
[Малайск. bambu.]
бамбу́кавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бамбуку. Бамбукавыя зараснікі. // Зроблены з бамбуку. Фурман стаяў перад партамі, трымаючы ў левай руцэ вялікія рукавіцы з аўчыны, а ў правай — сырамятную пугу на доўгім бамбукавым пугаўі. Брыль.
бамбу́кавыя, ‑ых.
Падсямейства злакаў, пераважна карэнішчавыя шматгадовыя расліны з вельмі развітым адраўнелым сцяблом.
ба́мпер, ‑а, м.
Буфер, які аслабляе сілу ўдару аўтамабіля пры сутыкненні з чым‑н.
бана́льна,
1. Прысл. да банальны.
2. у знач. вык. Шаблонна, збіта. [Авяр’ян:] — Толькі вяселле з машынай.. — гэта вельмі банальна. Нуды прыгажэй — у вазку па сняжку ды з бомамі пад дугой. Ракітны.
бана́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць, асаблівасць банальнага. А. Кістаў лічыў ворагамі сапраўднага рэалістычнага мастацтва рамесніцкія штампы, халодную абыякавасць і банальнасць. «Маладосць».
2. Збіты выраз, штамп; хадульны вобраз; агульнавядомая думка. Пераможаны ў гэтым слоўным турніры змушаны будзе адысціся, а з .. [дзяўчынай] астанецца той, хто больш пагаварыць ёй прыемных банальнасцей. Сіпакоў.
бана́льны, ‑ая, ‑ае.
Шаблонны, збіты, які страціў яркасць у сувязі з частым ужываннем. [Славіку] смешна стала, бо яго асабіста ўся кінагісторыя не ўсхвалявала ні на грам, не кранула ніводнай стрункі душы. Банальная драма. Шамякін.