Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бамбардзі́р, ‑а, м.

1. У рускай дарэвалюцыйнай арміі — салдацкі чын у артылерыйскіх часцях.

2. Жук сямейства жужаляў, які пры самаабароне мае здольнасць выкідваць з свайго цела едкую вадкасць.

3. Разм. Ігрок, які часта забівае галы (у футболе, хакеі і пад.).

[Ням. Bombardier.]

бамбардзірава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. бамбардзіраваць.

бамбардзірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад бамбардзіраваць.

бамбардзірава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да бамбардзіраваць.

бамбардзірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Абстрэльваць з артылерыйскіх гармат або скідваць з самалёта бомбы на каго‑, што‑н. Немцы бамбардзіравалі з паветра ўвесь гэты куток на ўсю яго разлегласць. Чорны. // Удараць аб паверхню чаго‑н. (пра часцінкі разнастайных рэчываў). З абабітай бляшанымі лістамі камеры, дзе адліўкі ачышчаліся шротам, які бамбардзіраваў іх, паволі выпаўзалі дэталі, падвешаныя на круках. Карпаў. Малыя часцінкі, зараджаныя за доўгі час вандравання ў космасе вялікай энергіяй, бамбардзіравалі корпус карабля, разбіваючыся аб яго і пакідаючы свае сляды. Шыцік.

2. перан. Разм. Тое, што і бамбіць (у 2 знач.). Два гады .. [Насця] бамбардзіравала здзіўленага Васіля супярэчлівымі лістамі. Шамякін.

бамбардзіро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для бамбардзіроўкі. Бамбардзіровачная авіяцыя.

бамбардзіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Дзеянне паводле дзеясл. бамбардзіраваць (у 1 знач.).

бамбардзіро́ўшчык, ‑а, м.

1. Ваенны самалёт, прызначаны для разбурэння чаго‑н. з паветра. Эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў і штурмавікоў праносіліся над шашой і лесам, і зямля ўздрыгвала ад моцных глухіх выбухаў. Шамякін.

2. Разм. Лётчык бамбардзіровачнай авіяцыі.

бамбардзі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бамбардзіра, уласцівы бамбардзіру (у 1, 3 знач.). Бамбардзірская рота. Бамбардзірскі ўдар.

бамбасхо́вішча, ‑а, н.

Сховішча, якое забяспечвае ахову людзей ад авіябомбаў. Спакою не было і ў шпіталі: штоноч трывога, параненых каго выносяць, каго выводзяць з палат у бамбасховішча... Марціновіч.