балява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. баляваць.
балява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.
1. Спраўляць баль; удзельнічаць у балі. Пан, аддаўшы загад аканому, ехаў з паняю баляваць у бліжэйшы маёнтак. Чарот. // Разм. Сабраўшыся кампаніяй, выпіваць, весяліцца. Карчма стаяла пры вялікай дарозе. У базарныя дні тут да раніцы балявалі мужыкі з далёкіх вёсак. Асіпенка.
2. Разм. Весці разгульнае жыццё ў папойках. Гаспадары маёнтка тыднямі балявалі ў Варшаве і Брэсце, не думаючы ні пра бядоту тутэйшых сялян, ні пра сваіх парабкаў. «Полымя».
3. перан. Пагард. Чыніць нястрымны разгул, спраўляць перамогу над кім‑н. (пра сілы вайны, рэакцыі). / у перан. ужыв. І здаецца тады, што кружыць, гуляе, балюе на балоце нячыстая сіла. Новікаў.
баля́са, ‑ы, ж.
1. Точаны фігурны слупок у агароджы тэрас, балконаў і інш., які служыць для апоры поручняў і ўпрыгожання.
2. толькі мн. (баля́сы, ‑аў). Агароджа з такіх слупкоў. Гэта быў светлы і таксама прасторны пакой, разгароджаны балясамі, за якімі стаяў доўгі стол, абіты цыратаю. Колас. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя пнівадзіцкіх калгаснікаў. Чорны.
баля́сіна, ‑ы, ж.
1. Тое, што і баляса (у 1 знач.).
2. Жэрдка або дошка, якая аб’ядноўвае балясы і з’яўляецца поручнямі. І тут мне стукнула ў галаву думка: прамаршыраваць па балясіне моста. Якімовіч. Паклаўшы кнігу на балясіну, .. [Сцяпан] распаліў люльку, прайшоў у кут тэрасы, паглядзеў на веснічкі і далей, на дарогу. Васілёнак.
баля́снік, ‑у, м.
Матэрыял для вырабу балясаў.
баля́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Тое, што і болька.
2. перан. Разм. Недахоп, слабае месца ў дзейнасці, характары. — Ты на маю балячку не [цісні]. Ад самога сябе хапае, сасмылела ўсё ўнутры, — адсек Нікадзім. М. Ткачоў. [Блецьку] агарнуў смутак і безнадзейнасць. Балячкі яго душы былі разварушаны. Чорны. // Пра чалавека з якімі‑н. недахопамі, з-за якога бываюць непрыемнасці калектыву. Пакідаць .. [Шалюту] старшынёю нельга, гэта відавочна, але ж на якую работу паставіць такую балячку? Дуброўскі.
бамбаво́з, ‑а, м.
Тое, што і бамбардзіроўшчык (у 1 знач.). Фронт падыходзіў зусім блізка, часта варожыя бамбавозы перапынялі работы на палях. Кулакоўскі.
бамба́ксавыя, ‑ых.
Сямейства двухдольных раздзельнапялёсткавых раслін, блізкае да мальвавых.
бамбамёт, ‑а, М ‑мёце, м.
Уст. Гармата для кідання бомб на невялікую адлегласць.
бамба́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе; Р мн. ‑аў; ж.
Адна з першых буйнакаліберных агнястрэльных гармат, якая страляла каменнымі ядрамі.
[Фр. bombarde.]