Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зда́тны, ‑ая, ‑ае; здацен, ‑тна.

1. Здольны на што‑н., схільны да чаго‑н.; умелы. Здатны да навукі. Здатны да работы. Паказаць, хто на што здатны. □ Спрытна рэжу дол сахою, Здатны ў лузе за касою! Колас.

2. Зручны, прыгодны для чаго‑н. [Іван] пабег па-над .. гіганцкай загародкай, шукаючы якой здатнай для сховы мясціны. Быкаў.

зда́тчык, ‑а, м.

Той, хто здае тавар, прадукцыю, маёмасць. Здатчык збожжа.

зда́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да здатчык.

зда́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад здавіць.

2. у знач. прым. Прыглушаны, стрыманы (пра голас, гукі).

здаўме́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Разм. Дадумацца да чаго‑н., здагадацца аб чым‑н. Вартаўнік націскаў плячамі і, было відаць па ўсім, не мог здаўмецца, хто стаіць перад ім. Пальчэўскі.

здаўна́, прысл.

З даўніх часоў, з даўняй пары. На стыку Нёмана і Лошы Цагляны млын стаяў здаўна. Астрэйка. Маладая сама хадзіла да суседзяў — такі ўжо вядзецца здаўна ў беларускіх вёсках парадак, — запрашала да сябе на вяселле. Васілевіч.

зда́цца 1, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; заг. здайся; зак.

1. Спыніўшы супраціўленне, прызнаць сябе пераможаным. Гарнізон здаўся. Армія здалася. Здацца ў палон. □ Шмат разоў дзень змяняўся ноччу, а крэпасць жыла і на прапанову здацца адказала шквалам агню. Кудраўцаў. / Пра спыненне супраціўлення ў спартыўных гульнях. Шахматыст здаўся на трыццатым ходзе. // Адступіць перад цяжкасцямі, перашкодамі; паддацца, уступіць каму, чаму‑н. Нарэшце Іван здаўся: махнуў на ўсё рукой і паехаў у горад, завербаваўшыся ў брыгаду па будаўніцтву чыгуначных мастоў. Васілевіч. Лёнька папрасіў: — Чыжык, міленькі! Дай мне паднесці твой мяшок. У цябе рука баліць. Дай, га? — На, паднясі, — здаўся Чыжык. Няхай.

2. Даверыцца каму‑, чаму‑н., паспадзявацца на каго‑, што‑н. — Я ўжо цалкам здаюся на цябе, — пасмяяўся .. [Рыгор]. Гартны.

3. Разм. Аслабець фізічна; заняпасці. — Нешта я зусім здалася, — сказала [маці]. — Памажы хіба, сынок. Якімовіч.

•••

Здацца на літасць каго — здацца безагаворачна, без усякіх умоў.

зда́цца 2, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Паўстаць у якім‑н. выглядзе, выклікаць пэўнае ўражанне. І сам Іванчык здаўся Міканору не гэткім, як раней, быццам яшчэ падрос хлопчык. Кулакоўскі. Стройная, рухавая, з кранутым ужо сонцам прыемным тварам, дзяўчына здалася Паходню знаёмай. Хадкевіч.

2. безас. каму. Узнікнуць у думках, адчуваннях; уявіцца. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер. В. Вольскі. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

•••

Неба з аўчынку здалося гл. неба.

зда́цца 3, буд. і заг. не ужываецца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак., каму.

Разм. Спатрэбіцца. — І нашто табе здаўся гэты хор? Поп маўчыць, не лезе з хорам, дык табе трэба свае тры грошы ўткнуць. Колас. — Макар, там з ног збіліся, шукаючы цябе. — Навошта я каму здаўся? Сабаленка.

здаць, здам, здасі, здасць; здадзім, здасце, здадуць; пр. здаў, ‑ла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Перадаць каму‑н. даручаную справу, абавязкі, рэч і пад. пры вызваленні ад выканання чаго‑н. Здаць станок. Здаць дзяжурства. □ — Пакуль мы стаім, вы якраз управіцеся здаць камандаванне. Мележ. Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч. // Перадаць пэўнай асобе або ў пэўнае месца вынікі, прадукты сваёй працы для далейшага іх выкарыстання. Здаць хлеб дзяржаве. Здаць твор у друк. □ На нарыхтоўчыя пункты калгас здаў ужо больш 300 свіней. «Звязда».

2. Аддаць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Здаць рэчы ў багаж. // Накіраваць на вучобу, службу і пад. Валодзя пісаў аб .. жыцці ў дзіцячым доме, куды яго здалі партызаны. Шамякін. // Вярнуць тое, што знаходзілася ў часовым карыстанні. Здаць кнігі ў бібліятэку. // Аддаць тое, чым не дазволена карыстацца. Здаць зброю.

3. Перадаць, аддаць каму‑н. у часовае карыстанне, у наём, у арэнду. Здаць пакой кватарантам. □ Дык у той самы вечар адбылася ў мястэчку вось якая справа: поп здаў у арэнду ўсю сваю зямлю. Чорны.

4. Раздаць карты ў гульні. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

5. Паспяхова прайсці праверку якіх‑н. ведаў, умення што‑н. рабіць. Здаць залік. Здаць нормы па бегу.

6. Спыніўшы супраціўленне, аддаць, пакінуць ворагу. Здаць горад. Здаць крэпасць. // Пацярпеўшы няўдачу, адмовіцца ад далейшай гульні, барацьбы і пад. Здаць шахматную партыю.

7. а таксама без дап. Аслабіць сілу, інтэнсіўнасць, тэмп і пад. чаго‑н. Падабаўся Пазняку гарачунаўскі тэмп у рабоце, таму і забірала трывога, каб дружбак не здаў яго. Шахавец. / Пра мароз, зіму і пад. Над вясну мароз здаў.

8. без дап. Разм. Фізічна аслабець; заняпасці. Здаў за той год Сцяпан, азыз .., ссівеў. «Беларусь». Неўзабаве занядужала маці і памерла, а пасля бацька здаў. Гурскі. // Страціць вытрымку, самавалоданне і пад. Грышка струсіў, здаў, заплакаў. Хоць напаў зусім не воўк, А абучаны сабака Пагранічнікаў-байцоў. А. Александровіч. // Перастаць дзейнічаць у выніку хваробы, псавання і пад. Сэрца здало. Матор здаў. Машына здала.

•••

Здаць у архіў — прызнаць застарэлым, малапатрэбным, забыць; перастаць лічыцца з кім‑н.

зда́ча, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. здаваць — здаць (у 1–6 знач.). Здача збожжа дзяржаве. Здача экзаменаў.

2. Лішак грошай, які вяртаецца пры разліку. Даць здачу. // перан. Адказ на ўдар або знявагу. [Добка], калі яго нават аблаюць і пакрыўдзяць, не мог даць здачы. Дуброўскі.

здвае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. здвойваць — здвоіць.