здаць, здам, здасі, здасць; здадзім, здасце, здадуць; пр. здаў, ‑ла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Перадаць каму‑н. даручаную справу, абавязкі, рэч і пад. пры вызваленні ад выканання чаго‑н. Здаць станок. Здаць дзяжурства. ▪ — Пакуль мы стаім, вы якраз управіцеся здаць камандаванне. Мележ. Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч. // Перадаць пэўнай асобе або ў пэўнае месца вынікі, прадукты сваёй працы для далейшага іх выкарыстання. Здаць хлеб дзяржаве. Здаць твор у друк. ▪ На нарыхтоўчыя пункты калгас здаў ужо больш 300 свіней. «Звязда».

2. Аддаць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Здаць рэчы ў багаж. // Накіраваць на вучобу, службу і пад. Валодзя пісаў аб .. жыцці ў дзіцячым доме, куды яго здалі партызаны. Шамякін. // Вярнуць тое, што знаходзілася ў часовым карыстанні. Здаць кнігі ў бібліятэку. // Аддаць тое, чым не дазволена карыстацца. Здаць зброю.

3. Перадаць, аддаць каму‑н. у часовае карыстанне, у наём, у арэнду. Здаць пакой кватарантам. ▪ Дык у той самы вечар адбылася ў мястэчку вось якая справа: поп здаў у арэнду ўсю сваю зямлю. Чорны.

4. Раздаць карты ў гульні. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

5. Паспяхова прайсці праверку якіх‑н. ведаў, умення што‑н. рабіць. Здаць залік. Здаць нормы па бегу.

6. Спыніўшы супраціўленне, аддаць, пакінуць ворагу. Здаць горад. Здаць крэпасць. // Пацярпеўшы няўдачу, адмовіцца ад далейшай гульні, барацьбы і пад. Здаць шахматную партыю.

7. а таксама без дап. Аслабіць сілу, інтэнсіўнасць, тэмп і пад. чаго‑н. Падабаўся Пазняку гарачунаўскі тэмп у рабоце, таму і забірала трывога, каб дружбак не здаў яго. Шахавец. / Пра мароз, зіму і пад. Над вясну мароз здаў.

8. без дап. Разм. Фізічна аслабець; заняпасці. Здаў за той год Сцяпан, азыз .., ссівеў. «Беларусь». Неўзабаве занядужала маці і памерла, а пасля бацька здаў. Гурскі. // Страціць вытрымку, самавалоданне і пад. Грышка струсіў, здаў, заплакаў. Хоць напаў зусім не воўк, А абучаны сабака Пагранічнікаў-байцоў. А. Александровіч. // Перастаць дзейнічаць у выніку хваробы, псавання і пад. Сэрца здало. Матор здаў. Машына здала.

•••

Здаць у архіў — прызнаць застарэлым, малапатрэбным, забыць; перастаць лічыцца з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)