здацца 1, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; заг. здайся; зак.

1. Спыніўшы супраціўленне, прызнаць сябе пераможаным. Гарнізон здаўся. Армія здалася. Здацца ў палон. ▪ Шмат разоў дзень змяняўся ноччу, а крэпасць жыла і на прапанову здацца адказала шквалам агню. Кудраўцаў. / Пра спыненне супраціўлення ў спартыўных гульнях. Шахматыст здаўся на трыццатым ходзе. // Адступіць перад цяжкасцямі, перашкодамі; паддацца, уступіць каму, чаму‑н. Нарэшце Іван здаўся: махнуў на ўсё рукой і паехаў у горад, завербаваўшыся ў брыгаду па будаўніцтву чыгуначных мастоў. Васілевіч. Лёнька папрасіў: — Чыжык, міленькі! Дай мне паднесці твой мяшок. У цябе рука баліць. Дай, га? — На, паднясі, — здаўся Чыжык. Няхай.

2. Даверыцца каму‑, чаму‑н., паспадзявацца на каго‑, што‑н. — Я ўжо цалкам здаюся на цябе, — пасмяяўся .. [Рыгор]. Гартны.

3. Разм. Аслабець фізічна; заняпасці. — Нешта я зусім здалася, — сказала [маці]. — Памажы хіба, сынок. Якімовіч.

•••

Здацца на літасць каго — здацца безагаворачна, без усякіх умоў.

здацца 2, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Паўстаць у якім‑н. выглядзе, выклікаць пэўнае ўражанне. І сам Іванчык здаўся Міканору не гэткім, як раней, быццам яшчэ падрос хлопчык. Кулакоўскі. Стройная, рухавая, з кранутым ужо сонцам прыемным тварам, дзяўчына здалася Паходню знаёмай. Хадкевіч.

2. безас. каму. Узнікнуць у думках, адчуваннях; уявіцца. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер. В. Вольскі. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

•••

Неба з аўчынку здалося гл. неба.

здацца 3, буд. і заг. не ужываецца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак., каму.

Разм. Спатрэбіцца. — І нашто табе здаўся гэты хор? Поп маўчыць, не лезе з хорам, дык табе трэба свае тры грошы ўткнуць. Колас. — Макар, там з ног збіліся, шукаючы цябе. — Навошта я каму здаўся? Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)