фашы́зм, ‑у, м.
Тэрарыстычная дыктатура найбольш рэакцыйных імперыялістычных сіл, якая імкнецца да знішчэння дэмакратыі і развязвання захопніцкіх войнаў. І вельмі часта прыходзіла думка, як у такім багацці фарбаў і гукаў, як на такой раскошна прыгожай зямлі магла зарадзіцца такая, да жудасці і смеху дзікая, гніль — фашызм?! Брыль.
[Іт. fascismo.]
фашы́на, ‑ы. ж.
Спец. Звязаны пучок хворасту, чароту для ўмацавання насыпаў, плацін, дарог і пад. Сёлетняй жа восенню меркавалася хоць бы давесці да ракі і прывесці ў парадак магістраль — разбурыць пабудаваныя ў пачатку вайны завалы, расчысціць і ўмацаваць фашынай рэчышча, дзе-нідзе кранутае плывуном. Краўчанка.
[Ням. Faschine ад лац. fascis — вязка прутоў, пучок.]
фашыніза́цыя, ‑і, ж.
Спец. Умацаванне плацін, дарог і пад. шляхам абнясення фашынамі. Фашынізацыя насыпу.
фашы́ннік, ‑у, м., зб.
Спец. Хвораст, чарот, з якіх вяжуць фашыны.
фашы́нны, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які мае адносіны да фашын. // Прызначаны для фашын. Фашынны хвораст.
2. Зроблены з фашын. Фашынная дамба.
фашы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Прыхільнік фашызму; член фашысцкай арганізацыі. Спадабалася байцам і тое, што стары моцна ненавідзеў фашыстаў і проста выказваў гэта з самага пачатку вайны. Шчарбатаў. Адняўшы палец з курка, Міхась убачыў: фашыст, у якога ён цэліўся, пластам ляжаў на зямлі побач з матацыклам. Якімовіч. За здзекі і гвалты, за слёзы і пакуты бязвінных людзей заплацілі фашысты сваёю крывёю. Пальчэўскі.
фашы́стваваць, ‑вую, ‑вуеш, ‑вуе; незак.
Дзейнічаць, паводзіць сябе па-фашысцку, праяўляючы лютасць, дэспатызм, бязлітаснасць. // Праводзіць, ажыццяўляць фашысцкую дыктатуру.
фашы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да фашыст.
фашысто́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і фашысцкі. Палай жа, Іспанія, гневам палай, Знішчай фашыстоўскі раз’ятраны зброд! Рэспубліканцы! Рот фронт! Хведаровіч.
фашы́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фашызму, фашыста. Фашысцкі рэжым. □ Ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Брыль. І крышацца танкі Фашысцкія ў соль, І падае вораг, Як горкі куколь. Колас.