фахве́ркавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да фахверка, з’яўляецца фахверкам. Фахверкавая сцяна.
фа́цыя, ‑і, ж.
Спец. Асадкавы пласт горнай пароды, які мае аднолькавы склад, фізіка-хімічныя ўласцівасці і аднолькавую выкапнёвую фауну і флору.
[Ад лац. facies — выгляд.]
фацэ́лія, ‑і, ж.
Травяністая расліна сямейства вадаліснікавых, асобныя віды якой з’яўляюцца меданоснымі. Каб павялічыць выхад мёду, многія калгасы пачалі засяваць на полі новую тут культуру — фацэлію. Паслядовіч.
фацэ́т, ‑а, М ‑цэце, м.
Разм. Камічны, забаўны чалавек. У галаве дзеда Талаша прамільгнула некалькі думак: адкуль з’явіўся гэты фацэт? Колас. // Нехта мала знаёмы; хто‑н. Карэта звярнула на Мойку. За ствол голай таполі кінуўся нейкі фацэт: каб не ўквэцала брудным снегам. Караткевіч.
[Польск. facet ад лац. facetus — вясёлы, дасціпны.]
фацэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Камічны, забаўны. На гэты раз дзверы расчыніліся болей урачыста, павольна і стала, і парог пераступіла даволі фацэтная і маляўнічая постаць штацкага чалавека. Колас. Ва ўкраінскім мястэчку, куды, асмялеўшы, Сяргей завітаў, цырульнік зрабіў яму фацэтную прычоску. Навуменка.
фацэ́ція, ‑і, ж.
1. Жартоўнае апавяданне, распаўсюджанае на Захадзе ў эпоху Адраджэння і ў Расіі ў канцы 17 ст.
2. Разм. Пацеха, смехата. Барада Мілеўскага была прадметам жартаў і насмешак з боку настаўнікаў, але ён не зварачаў на гэта ўвагі, сам смяяўся і тлумачыў, што бараду ён носіць для «фацэціі». Колас. [Кандрат:] — Гэта ж трэба такая фацэція: Андрэй Ермаліцкі — мой сват. Грахоўскі.
[Ад лад. facetia — жарт, досціп.]
фашызава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад фашызаваць.
фашызава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Стаць (станавіцца) фашысцкім.
2. толькі незак. Зал. да фашызаваць.
фашызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Увесці (уводзіць) фашызм; арганізаваць (арганізоўваць) што‑н. на фашысцкі ўзор. Фашызаваць паліцыю.
фашыза́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. фашызаваць.