бальнеатэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
Раздзел санітарнай тэхнікі, прызначаны ствараць на аснове дадзеных бальнеалогіі неабходныя ўмовы для засцярогі мінеральных вод ад спусташэння і забруджання і выпрацоўваць метады найбольш эфектыўнага іх выкарыстання з лячэбна-прафілактычнай мэтай.
[Ад лац. balneum — лазня і слова тэхніка.]
бальнео́лаг, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне бальнеалогіі.
бальні́ца, ‑ы, ж.
Установа для стацыянарнага лячэння хворых. Раённая, абласная бальніца. Палажыць у бальніцу хворага. Ляжаць у бальніцы.
бальні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бальніцы; уласцівы бальніцы. Бальнічны рэжым. // Які належыць бальніцы. Бальнічны корпус.
•••
Бальнічны ліст гл. ліст.
ба́льны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да балю. Бальныя танцы. Бальнае плацце.
ба́льны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да бала 1. Бальная сістэма ацэнкі ведаў.
бальшавізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Стаць (станавіцца) поўнасцю бальшавіцкім.
2. толькі незак. Зал. да бальшавізаваць.
бальшавізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Узмацніць (узмацняць) у кім‑, чым‑н. бальшавіцкі элемент; зрабіць каго‑н. бальшавіком.
бальшавіза́цыя, ‑і, ж.
Узмацненне бальшавіцкага ўплыву; павелічэнне колькасці бальшавікоў у якой‑н. арганізацыі. На Заходнім фронце бурная бальшавізацыя салдацкіх камітэтаў (Саветаў) пачалася пасля ўзброенага паўстання ў Маскве. «Полымя».
бальшаві́зм, ‑у, м.
Рэвалюцыйная паслядоўная марксісцкая плынь палітычнай думкі ў міжнародным рабочым руху, якая ўзнікла ў пачатку 20 ст. ў Расіі і атрымала сваё ўвасабленне ў пралетарскай партыі новага тыпу, у партыі бальшавікоў, створанай У. І. Леніным.
бальшаві́к, ‑а, м.
Член бальшавіцкай партыі; паслядоўнік бальшавізму, камуніст.