Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фато́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да выпраменьвання і паглынання фатонаў; які выкарыстоўвае гэтыя з’явы для руху. Фатонная ракета. Фатонны рухавік.

фа́тум, ‑у, м.

Кніжн. Няўхільны, немінучы лёс; наканаванне лёсу.

[Лац. fatum.]

фаты́га, ‑і, ДМ ‑тызе, ж.

Абл. Турботы, клопат. — А мо б наўперад, пан Хадыка, Калі фатыга невяліка, Нам паказаў бы сваё поле? — Сказаў Міхал. Колас. Да Вайтовіча падышоў каваль і напомніў: — Не расквіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі. Пальчэўскі.

•••

Не варта за фатыгу — аб справе, якая не заслугоўвае клопату.

[Польск. fatyga з фр. fatique — стомленасць.]

фа́уна, ‑ы, ж.

Сукупнасць усіх відаў жывёл пэўнай мясцовасці ці пэўнага геалагічнага перыяду. Усурыйскія яноты з Белавежскай пушчы выстаўлены ў Гродзенскім заалагічным садзе ў якасці прадстаўнікоў не толькі далёкаўсходняй, але і мясцовай беларускай фауны. В. Вольскі. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе такіх астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва.

[Лац. Fauna.]

фауні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спецыяліст па фауністыцы.

фауні́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Раздзел заалогіі, які вывучае фауну наогул і размяшчэнне жывёл на пэўных тэрыторыях зямнога шэра.

фауністы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фауністыкі. Фауністычныя даследаванні.

фаустпатро́н, ‑а, м.

Ручная рэактыўная зброя, якая складаецца з міны і адкрытага з двух бакоў ствала.

[Ням. Faustpatrone.]

фаўн, ‑а, м.

1. У старажытнарымскай міфалогіі — бог палёў, гор і лясоў, апякун пастухоў.

2. У заалогіі — амерыканская малпа з роду капуцынаў.

фахве́рк, ‑а, м.

Спец. Тып будоўлі, які складаецца з драўлянага або жалезнага крацістага каркаса з прамежкамі, закладзенымі цэглай.

[Ням. Fachwerk.]